#ТрэцяяЛінія, кастрычнік, лістапад, снежань2020
Нарэшце, першая чарга трэцяй лініі адкрыта! Ніжэй — апошні раз пра ход будаўніцтва першай чаргі і падрабязны агляд новых станцый!
Таксама трэба адзначыць, што ў далейшых аглядах мапа зменіцца — на ёй будуць толькі аб’екты другой чаргі будаўніцтва.
Ст. м. Юбілейная Плошча
У кастрычніку на станцыі працягвалі наладку абсталявання: свяцільні, травалатары, эскалатары, турнікеты, пажарнае абсталяванне, вентыляцыя, сігналізацыя, платформенныя дзверы і г.д. Вялася бесперапынная абкатка пуцей. Дарэчы, такі набор работ веўся на ўсіх станцыях да самага адкрыцця 7 лістапада.
На Фрунзенскай у кастрычніку разабралі другі плот перасадкі.
А потым над імі павесілі вельмі вялікія ўказальнікі, якія сапсавалі выгляд станцыі.
Таксама разабралі плот платформы для інвалідаў і малога перасадачнага тунэлю.
У самыя апошнія дні кастрычніка былі адкрыты для пешаходаў выхады з падземнага пераходу да вул. Сухой.
Уражанні ад станцыі
Самая глыбокая станцыя уражвае некалькімі рэчамі. Па-першае, гэта вышыня столі — нешта падобнае ў нас ёсць толькі на Кастрычніцкай. У цэнтры станцыі на ім размясцілі вельмі прыгожыя кругавыя свяцільні. Наогул, калі казаць пра святло, на ўсіх новых станцыях з гэтым усе ў парадку, нават можна сказаць выдатна — на станцыях, ў вестыбюлях і пераходах вельмі светла, асвятленне падаецца самым яркім з усіх станцый Мінскага метрапалітэна.
Пры высокай столі праекціроўшчыкі ня вельмі падумалі пра прастору на платформе — з-за платформенных дзвераў і масіўных калон месца засталося ня так шмат. Між калонамі і дзверамі месца толькі для аднаго чалавека, а ў цэнтральнай частцы станцыі, дзе лесвіца перасадкі, ў гадзіну пік наогул будзе цяжка прайсці, асабліва людзям, якія прыехалі на станцыю ў апошніх вагонах і ідуць на эскалатар.
Другі акцэнт станцыі — кампазіцыя “Сонца” побач з аварыйным выхадам. Яна, безумоўна, маштабная і прыгожая, але ў рэальнасці выглядае ня так уразліва, як на фота.
Трэцяя рэч, якая прыцягвае ўвагу — гэта велізарны эскалатар. Ён, вядома, не такі вялікі, як на станцыях глыбокага залягання ў Маскве, Кіеве ці Пецярбургу, але таксама ўражвае, асабліва калі едзеш зверху ўніз.
Ад глыбіні спуску эскалатара пяройдзем да мінусаў станцыі, і першы з іх — недапрацоўкі наладкі абсталявання. Больш за ўсё гэта адбілася на эскалатарах — падчас працы яны гучна скрыпяць і шумяць, прыступкі ківаюцца, стужка едзе з рыўкамі. Ехаць на іх было нават крышачку страшна. Прычым тут ёсць з чым параўноўваць — побач стары савецкі эскалатар на Фрунзенскай, які хоць і гучна працуе, але ехаць на ім камфортна, стужка ідзе роўна і не ківаецца.
Таксама на станцыі і на перасадцы з Фрунзенскай дагэтуль не працуюць платформы для інвалідаў.
Калі казаць пра перасадкі, то яны даволі камфортныя і гэта, безумоўна, плюс. З боку Юбілейнай на абодвух стаяць дзверы каб не было скразняку. Малы тунэль (з вестыбюля ў вестыбюль) вельмі кароткі, прайсці яго можна літаральна за хвіліну, але трэба ўлічваць пад’ем на эскалатары з Юбілейнай і спуск на эскалатары на Фрунзенскую. У выніку выходзіць каля 3 хвілін, што супастаўна з перасадкай Кастрычніцкая/Купалаўская.
Малы пераход пачынаецца ў адзіным вестыбюлі, які выкананы ў стылістыцы станцыі: чырвоныя сцены, белы перфараваны столь. Прычым калі на станцыі столь падняты вельмі высока, то тут наадварот — апушчаны вельмі нізка. Ды і наогул памяшканне вестыбюлю даволі маленькае, амаль што самае маленькае з усіх новых станцый.
Вялікі пераход хоць і крыху даўжэй, але таксама праходзіцца хутка, хвіліны за тры, таму ён падаецца нават карацейшым за тунэль Кастрычніцкая /Купалаўская. Пры гэтым перасадка вельмі прасторная, самая прасторная з усіх перасадак у Мінскім Метрапалітэне. Тут усталявалі два травалатары, якія ў такім кароткім тунэлі не асабліва патрэбныя — нават калі па іх ісці то проста пехам выходзіць ня моцна павольней. Таксама тут зманціравалі круглую свяцілью — такую ж, як і на станцыі.
Далёка ня ўсе пасажыры яшчэ звыкліся з аднабаковай схемай перасадак, таму на выхадах з пешаходных тунэляў вісяць дадатковыя указальнікі, а таксама людзей накіроўваюць супрацоўнікі.
Апошні момант — перасадка з Фрунзенскай. Пра гэта ўжо казалася, але і ўказальнікі, і платформа для інвалідаў, і лесвічныя маршы пад платформу зроблены максімальна так, каб не ўпісацца ў станцыю.
Агульная адзнака па асабістых уражаннях: 3 / 5.
Ст.м. Плошча Францішка Багушэвіча
Плошча над станцыяй да кастрычніка была амаль завершана, заставаўся толькі з’езд на праспект Дзяржынскага. Яго дарабілі ўшчыльную да 7 лістапада: было завершана аздабленне падборнай сценкі, чатырохпалосны з’езд у бок Грушаўкі з прыпынкам, чатырохпалосны ўезд на плошчу, тратуары па абодвух баках і раздзяляльную паласу.
Ноччу павільёны станцыі свецяцца зялёным. Такая ж гісторыя і на павільёнах ст. Кавальская Слабада.
4 лістапада быў часткова адкрыты падземны пешаходны пераход пад плошчай. Поўнасцю ён будзе адкрыты 6 лістапада.
Станцыю, які і іншыя, у кастрычніку пачалі мыць. Гэта быў першы знак, што вялікія работы на станцыях завершаны. У астатнім да адкрыцця тут вёўся амаль той жа набор работ, што і на Юбілейнай плошчы.
На ўсіх станцыях і ў тунэлях працуе галасавая сувязь і высокахуткасны 3G/4G інтэрнэт — пра гэта паведамлялі як аператары мабільнай сувязі, так і beCloud.
Уражанні ад станцыі
Як і на Юбілейнай плошчы, галоўныя адметнасці станцыі — глыбіня залягання і вышыня столі. Але нават у гэтых момантах станцыя мае свае адрозненні. Напрыклад, глыбіня тут меньшая, таму спуск на станцыю займае менш за хвіліну. Таксама столь тут ня ўсюды высокая. У цэнтральнай частцы станцыі, дзе знаходзіцца ліфт, столь амаль на той жа вышыні, як і ў вестыбюлі. А вось у бакавых частках, куды выходзяць эскалатары і дзе знаходзяцца мастацкія кампазіцыі — столь сапраўды знаходзіцца высока.
Наогул станцыя вельмі нагадвае Міхалова, адрозненне толькі ў маштабе і дадатковым мастацкім афармленні, што з’яўляецца разынкай станцыі. Дадатковае афармленне можна падзяліць на дэкаратыўнае асвятленне і мастацкія кампазіцыі.
І калі асвятленне асаблівых эмоцый ня выклікае, то вось кампазіцыі — гэта тое, дзеля чаго на гэту станцыю трэба ездзіць. Больш за ўсе ўражвае “Кніга беларуская” з медзі. Тут нават без каментароў, гэта проста прыгожа. Самая лепшая кампазіцыя ў мінскім метро.
Крыху менш уражвае “Ткацкі станок”, мабыць, з-за вельмі яркіх блікуючых матэрыялаў. Тым не менш кампазіцыя таксама вартая ўвагі.
Цікавы момант — у кампазіцыі ўбудаваныя камеры відэаназірання.
Ад вялікіх плюсаў — да вялікіх мінусаў. І тут галоўны мінус — эскалатары. Яны дагэтуль працуюць няпоўнасцю, з тымі ж праблемамі як і на Юбілейнай плошчы. Таксама трэба адзначыць шум з-за эскалатараў на станцыі. На Юбілейнай плошчы гэта не было так заўважна, бо маршы былі ў тарцы станцыі. Тут жа эскалатары грымяць па цэнтры і гул разносіцца рэхам па платформе.
Яшчэ адзін мінус, які характэрны ня толькі станцыі Плошча Францішка Багушэвіча — гэта неэстэтычны выгляд асобных дэталяў. Напрыклад, заляпанае дэкаратыўнае шкло над эскалатарамі, або падрапаныя панэлі эскалатараў — усё гэта не дадае плюсаў станцыям.
Невядома з чым гэта звязана, але на станцыі падчас майго наведвання было вельмі холадна — халадней, чым на ўсіх астатніх станцыях.
Пытанні выклікае і размяшчэнне станцыі. З вялікіх цэнтраў прыцягнення тут пакуль што толькі Музычны тэатр ды Галантэя. У будучым тут павінны з’явіцца невялікі жылы комплекс і гандлевы цэнтр. Але пакуль гэта амаль што самая пустая станцыя Мінскага Метрапалітэна, якая па статыстыцы хутчэй за ўсё будзе бароцца з Першамайскай за званне самай ненаведваемай станцыі.
Выхадаў са станцыі шмат і каб іх злучыць быў пабудаваны вельмі вялікі і прасторны падземны пераход. Ён крышачку нагадвае пераход на Пушкінскай, але толькі тым, што тут бывае цяжка знайсці выхад. У астатнім пераход вельмі светлы і прасторны. На кожным выхадзе ёсць ліфты, але ня ўсе яны працуюць.
Апошні момант — вестыбюль. Ён убудаваны ў пераход нестандартна — знаходзіцца па цэнтры і аддзяляецца ад пераходу шклянымі сценамі, праз якія можна пабачыць касавую залу і эскалатарныя маршы. Турнікеты ў вестыбюлі знаходзяцца не перад эскалатарамі, як звычайна, а збоку ад іх.
Агульная адзнака па асабістых уражаннях: 3 / 5.
Ст. м. Вакзальная
Акрамя ўжо згаданых работ на станцыі, а дакладней над ёю, працягвалі добраўпарадкаванне ДС Дружная і плошчы перад уваходамі ў вакзал і вестыбюль станцыі. Укладвалася плітка, лаўкі, урны, наладжваліся мастацкія кампазіцыі ў выглядзе дрэваў. Да 7 лістапада ўсе работы будуць завершаны.
Цікавасць на Дружнай выклікаюць незразумелыя казыркі, хаатычна раскіданыя па плошчы. Раней казалі пра пераходы “сухія ногі”, але зараз гэта больш нагадвае спецыяльныя ўмовы для нелегальных гандляроў. Мастацкія кампазіцыі ў выглядзе дрэваў таксама прыцягваюць увагу, але ўжо сваёй прыгажосцю і мармуравым друзам.
На станцыі таксама працягваліся работы па наладцы абсталявання — стандартны набор перад самым адкрыццём.
На ўсіх станцыях устаноўлены турнікеты новага тыпу сумеснай вытворчаскі ТАА “НДІ ЭВМ” і IBA Group. Раней яны ўжо прымяняліся ў Мінскім Метрапалітэне на станцыях Плошча Леніна і Плошча Перамогі. Усяго было зманціравана 74 турнікета. Сістэма забяспечвае як традыцыйны рэжым з пастаянна адкрытымі створкамі, так і рэжым з пастаянна зачыненымі створкамі. Ва ўваходных турнікетах ўбудаваныя існуючыя сістэмы аплаты праезду, уключаючы аплату банкаўскімі карткамі.
У кастрычніку на ст. Пл. Леніна пачалі прыбіраць агароджу з выхадаў, як на платформе, так і ў вестыбюле.
Пасярод пераходаў размясцілі невялікі слуп, на якім зманціравалі невялікую свяцільню. Навошта гэта было зроблена — ніхто не разумее.
У кастрычніку на станцыі (ды і ўвогуле ўва ўсім дзеючым метрапалітэне) пачалася замена навігацыі. Але праходзіла яна вельмі павольна. Дзесьці раздрукавалі новыя схемы, у якіх новае — трэцяя лінія замалявана больш яркім зялёным колерам. А дзесьці проста дадалі новых налёпак.Увогуле навігацыя на першых двух і трэцяй лініі істотна адрозніваецца — пра гэта чытайце крышачку далей. Што да станцыі Пл. Леніна — тут у вестыбюлі з’явіліся ўказальнікі на перасадку.
Яшчэ адзін аб’ект, звязаны з трэцяй лініяй — інжэнерны корпус. Знешне ён поўнасцю зданы, але апошняя інфармацыя пра яго з’явілася ў кастрычніку — унутры праводзілі нейкія работы. З таго часу — цішыня. Пры гэтым раней, па чутках, там планавалася рабіць урачысты запуск лініі. Як можам бачыць — гэтага не адбылося.
Уражанні ад станцыі
Адна з самых прасторных станцый, і гэта заўважаеш адразу, калі з’яўляешся на ёй. Ні вялікія калоны, ні дзверы, ні масіўная перасадка асабліва не з’ядаюць прастору, як гэта было на Юбілейнай плошчы. Пры гэтым столь тут стандартная, ніжэй за раней абмеркаваныя станцыі. Але гэта зусім не замінае.
Цікавых дэталяў у афармленні тут толькі дзве — дрэва дарог і дэкаратыўныя чырвонаыя і белыя светлавыя палосы. Дрэва дарог стаіць у тарцы станцыі, за спускам у размеркавальную залу, таму яе адразу можна і не заўважыць. Але калі ўсё ж такі звярнуць увагу і паглядзець бліжэй, то паўтараецца гісторыя з мастацкай кампазіцыяй “Сонца” на Юбілейнай плошчы — на фота выглядае лепш.
Што да светлавых палос — гэта сапраўды вельмі цікавае рашэнне. Па сваёй прастаце і таннасці яны нагадваюць зоркі на Пятроўшчыне. Эфект на пасажыраў таксама падобны — усе звяртаюць увагу і фатаграфуюць.
Але ўвагу звяртаюць толькі пакуль свяцільні працуюць. Справа ў тым, што Мінскі Метрапалітэн вечарам уключае рэжым энергазберажэння і выключае частку падсветкі на ўсіх станцыях. Але калі на іншых станцыях выключаюць толькі звычайныя свяцільні, то тут выключаюць дэкаратыўныя. Адбываецца гэта штодзень а 22:00. Улічвайце гэта пры наведванні.
Цікавы момант, які хоць і быў заўважаны на Вакзальнай, але адбываецца на ўсіх станцыях трэцяй лініі. Платформеныя дзверы маюць цікавую індыкацыю падчас прыбыцця цягніка. Калі састаў набліжаецца да станцыі ўключаецца “назапашлівая” праграма — індыкатары пачынаюць па чарзе ўключацца ад пачатку і да канца пуці. Такім чынам лёгка вызначыць, калі і куды хутка прыйдзе цягнік. Дапамагае, калі заліп у тэлефоне).
Яшчэ адзін момант, характэрны для ўсёй лініі — на ёй няма рэкламы. Ні ў вагонах, ні на станцыях, ні ў вестыбюлях, ні ў пешаходных тунэлях. Таксама ў пешаходных пераходах амаль нідзе не працуюць гандлёвыя кропкі.
Кажучы пра Вакзальную немагчыма не закрануць тэму перасадак. Яны тут самыя доўгія ў Мінскім Метрапалітэне. Пачнем з эскалатараў. У іх назіраюцца ўжо вядомыя нам праблемы з эксплуатацыяй і эстэтычным выглядам. Таксама з-за іх на станцыі вельмі шумна.
Размеркавальная зала вельмі прасторная і сапраўды здольная прапускаць вялікую колькасць людзей у двух напрамках без затораў.
Што датычна тунэляў, то ўжо шмат хто адзначыў, што пераходы на Вакзальнай непрыемныя. У іх некамфортна ісці з-за невялікіх памераў саміх тунэляў і вялікай адлегласці. У некаторых людзей нават пачынала кружыцца галава, асабліва калі ісці па травалатары. Дарэчы, у вялікім тунэлі іх тры, а ў малым — два. Яны таксама маюць праблемы з эксплуатацыяй і эстэтычным выглядам, як і эскалатары. Цікавая дэталь — травалатары маюць датчыкі, якія аналізуюць ці едзе хто-небудзь па іх і калі не, то яны эканомяць электраэнергію запавольваючы рух.
Пасля травалатараў вялікі тунэль не завяршаецца — трэба прайсці пехам яшчэ каля 30 метраў і ўзняцца па даволі крутой і высокай лесвіцы — эскалатар побач дагэтуль не працуе. Поўнасцю перасадка займае каля 5 хвілін. Таксама трэба сказаць пра вялікі вецер у перасадачных тунэлях — магчыма, гэта можна было прадухіліць устаноўкай дзвераў з аднаго боку перасадкі, як гэта зроблена на Юбілейнай плошчы.
Малы тунэль патрэбны для пераходу з Плошчы Леніна на Вакзальную, але шмат людзей дагэтуль гэтага ня ведае і спускаецца з платформы ўніз у вялікі тунэль, дзе натыкаецца на турнікеты. Хтосьці вяртаецца, але шмат хто проста іх пералазіць або перапрыгвае. Падобная сітуацыя назіраецца і на платформе Юбілейнай Плошчы.
Але вернемся да малога тунэлю. Ён ідзе з вестыбюлю, а дакладней каб у яго папасці трэба спусціцца з вестыбюлю па спецыяльнай лесвіцы і папасці ў тунэль праз даволі прыгожы партал. Побач з лесвіцай есць ліфт. Поўнасцю перасадка ў адваротным кірунку займае каля 4х хвілін. На форумах падлічылі, колькі займаюць усе перасадкі на трэцяй лініі з рознымі варыянтамі хады.
Апошні момант — вестыбюль. Ён сапраўды выглядае прыгожа, як знутры, так і звонку. Прасторны, добра асветлены як днём, дзякуючы шкляным сценам і купалу, так і ноччу, дзякуючы добраму асвятленню. Можна сказаць, што першы асобны наземны вестыбюль у мінскім метро атрымаўся.
Агульная адзнака па асабістых уражаннях: 3 / 5.
Ст.м. Кавальская Слабада
На ў кастрычніку на станцыі завяршаліся работы па наладцы абсталявання па аналогіі з іншымі станцыямі.
Пад канец кастрычніка на станцыях завяршылі навігацыйнае афармленне — поўнасцю з’явіліся ўсе схемы і ўказальнікі, а таксама самае цікавае — назвы станцый. Станцыі трэцяй лініі ня будуць мець арыгінальна аформленых назваў уздоўж пуцявых сценаў. Замест іх — звычайныя налепкі.
Яшчэ адзін цікавы момант — у дадатак да ўсіх налёпак на станцыях, на ўваходах у падземныя пераходы робяць спецыяльныя шыльды з тэкстам “Мінскі Метрапалітэн. Станцыя ХХХ”. Такія зрабілі і на станцыях трэцяй лініі. І усюды — у розных стылях.
Таксама напрыканцы кастрычніка на станцыях прайшлі вучэнні МНС:
А 4 лістапада на станцыі адбылася генеральная репетыцыя адкрыцця, з апаратурай, усім начальствам метро, і велізарным ключом. На вуліцы касілі траву трымерамі, газавымі гарэлкамі сушылі каналізацыйныя люкі і адразу фарбавалі.
Афіцыйнае адкрыццё
Афіцыйнае адкрыццё адбылося 6 лістапада. Прыкладна ў 10 гадзін Аляксандр Лукашэшка прыбыў на станцыю Кавальская Слабада, дзе яму правялі невялікую экскурсію і ўручылі памятны праязны на 20 паездак. Пасля на станцыі адбыўся кароткі святочны мітынг з удзелам метрабудаўнікоў, супрацоўнікаў метрапалітэну і кіраўніцтва горада. Падчас прамовы Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці метро ў новы раён, які будзе будавацца на поўначы Мінска, а таксама пракласці лінію наземнага метро ў Смалявічы.
Пасля Лукашэнка праехаў у кабіне машыніста да станцыі Вакзальная, дзе агледзеў станцыю, перасеў у салон і даехаў да Плошчы Францішка Багушэвіча. Там ён адзначыў мастацкую кампазіцыю з цытатай Францішка Багушэвіча пра мову і паехаў далей да Юбілейнай Плошчы, дзе і пакінуў метрапалітэн.
Пасля афіцыйнага адкрыцця на станцыі Кавальская Слабада для пешаходаў быў адкрыты падземны пераход.
Для пасажыраў станцыя, як і ўся лінія, была адкрыта 7 лістапада а 12:30. Але працавала з некаторымі праблемамі.
Пачаць можна з эскалатараў і травалатараў. Яны — беларускай вытворчасці, салігорскага ІПР і Магілёўліфтмашу адпаведна. У першыя дні абсталяванне або не працавала, або працавала са збоямі. Напрыклад, на станцыі Плошча Францішка Багушэвіча няма лесвічных маршаў — толькі эскалатары і ліфт. 7 лістапада эскалатары не працавалі, спусціцца на станцыю або падняцца з яе можна было толькі пехам або на ліфце. На Юбілейнай плошчы не працавалі дзве лініі эскалатараў з чатырох. Праз некалькі дзён дзеючыя эскалатары разбяруць, а замест іх запусцяць раней не працуючыя. Травалатары ў перасадцы на Вакзальнай таксама працавалі толькі часткова. Эскалатар выхаду з перасадкі на платформу Плошчы Леніна не працуе дагэтуль. Прычына ўсяго гэтага — тэрміны. 7 лістапада эскалатары яшчэ не былі прынятыя кантралюючымі органамі, нават не былі належным чынам выпрабаваныя.
Платформенные дзверы, ноу-хаў лініі, у першыя дні таксама працавалі нестабільна. Цягнікі часта прыпыняліся няроўна з дзверамі, бывалі выпадкі, калі выйсці з цягніка было немагчыма. Таксама часам дзверы проста не адкрываліся — іх уручную адкрывалі дзяжурныя па станцыях. Гэтыя праблемы выправілі максімальна аператыўна, ужо праз некалькі дзён дзверы працавалі амаль ідэальна.
У першыя дні таксама часткова не працавалі турнікеты на перасадках, якія абмяжоўваюць рух у няправільным кірунку, што давала людзям хадзіць па перасадках у двух кірунках і замаруджваць рух сустрэчнага патоку.
Хоць гэта можна і ня лічыць недахопам, але агучка ў новых цягніках — дрэнная. Ад двух да пяці дыктараў на двух мовах прыводзяць да таго, што слова “станцыя” кажа адзін дыктар, назву станцыі і інфармацыю пра перасадку — другі, англійскі пераклад — трэці, англійскую фразу “Next station is“— чацверты, а інфармацыйныя паведамленні — пяты. І ўсё гэта не самай высокай якасці апрацоўкі.
Але нягледзячы на гэтыя недахопы, уражанні ў першых пасажыраў былі збольшага пазітыўныя. Падчас першых дзён на станцыях было вельмі шмат людзей, амаль як у гадзіну пік. Наведвальнікі з цікавасцю аглядвалі станцыі, шмат фатаграфіравалі.
Больш уражанняў:
У першы дзень, 7 лістапада, праз чатыры новыя станцыі прайшлі 10420 пасажыраў. На наступны — 3 682. А далей зноў кожны дзень каля 10 тыс .: 9 лістапада — 10 823, 10 лістапада — 9 944, 11-га — 9 547.
У працы трэцяй лініі задзейнічана пяць саставаў. З іх адзін на ўвесь час працы метрапалітэна знаходзіцца ў гарачым рэзерве для замены пры няспраўнасці саставу, які перавозяць пасажыраў. Інтэрвалы руху ў гадзіны пік складаюць 5 хвілін, а ў няпікавы час дасягаюць 15 хвілін (падрабязней тут).
Пасля адкрыцця станцыі неістотна змяніліся маршруты грамадскага транспарту:
Уражанні ад станцыі
Напэўна, самая прыгожая станцыя на трэцяй лініі, адразу з-за некалькіх момантаў. І галоўны з іх — станцыя аднаскляпенная. Гэта заўсёды плюс, таму што на такіх станцыях адчуваецца пачуццё маштабу. Аднак гэты плюс тут крыху скажоны падвясной столлю — невядома, дзеля чаго гэта рабілася і чаму нельга было прыгожа пафарбаваць бетон.
Пад столлю вісіць адна з фішак станцыі — каваныя люстры. Адна з іх таксама сустракае пасажыраў і ў вестыбюлі. Над платформай люстры размешчаны ня роўна па цэнтры, а са смяшчэннем — зроблена гэты было дзеля таго, каб ад іх падаў эфектны цень.
Тэму каваных вырабаў на станцыі выкарысталі па поўнай. Гэта і каваны плот, і каваныя “сюрпрызы” падь шклом. Тут ніколі ня будзе сумна чакаць цягнік.
Цікавасці станцыі дадаюць тэматычныя малюнкі пад шклом, які таксама можна доўга разглядаць.
Калі ўзняцца ў вестыбюль, а потым на паверхню, то можна заўважыць, што павільёны ўваходаў на станцыю тут зрабілі абсалютна новыя. Як па форме (выцягнутыя ракушкі), так і па змесце (ніколі не рабілі ліфт па цэнтры спуску). Як і на Плошчы Францішка Багушэвіча, выхады свецяцца зялёным.
У вестыбюлях усіх станцый, а таксама ў перасадачных тунэлях стаяць інфармацыйныя аўтаматы с сэнсарным экранам. На іх можна паглядзець схемы станцый, схему метрапалітэна, расклад грамадскага транспарту, тэлефоны экстраных службаў, час, надвор’е і г.д. Інтэрфейс перакладзены на беларускую, рускую, англійскую і кітайскую мовы. Ёсць дзве USB-разеткі для зарадкі дэвайсаў.
Побач знаходзіцца корпус абслугоўваючага персаналу, які працуе ўжо пару гадоў. Перайсці на другі бок Варанянскага можна і па зямлі, а вось на другі бок Жукоўскага — трэба спускацца ў пераход.
Апошнім момантам хочацца дадаць пра навігацыю на станцыі (і ўсёй лініі). Яна істотна адрозніваецца ад аналагаў у астатнім метрапалітэне, пачынаючы ад мелкіх указальнікаў на ўваходах і завяршаючы агульнай схемай метро. На трэцяй лініі ўсё гэта зроблена нашмат лепей , хоь і не ідэальна (напрыклад, цяжкімі для разумення апынуліся транспартныя схемы і схемы раёна). Невядома чаму метрапалітэн вырашыў пакінуць такое раздзяленне, а не замяніць усю навігацыю. Вось некаторыя прыклады навігацыі.
Агульная адзнака па асабістых уражаннях: 4 / 5.
Ст.м. Аэрадромная
На станцыі працягваюць актыўна працаваць над выхадамі і вестыбюлямі станцыі, а вось праца над скляпеннем прыпынілася.
Таксама не магу з вамі не падзяліцца цікавай гісторыяй пра катэдж пасярод развязкі Аэрадромная/праспект Міру:
Алеся
Станам на 19 кастрычніка шчыт прайшоў каля 1698/ 1830 м і прыпыніўся. 4 студзеня шчыт павінен быў аднавіць праходку.
Ст.м. Немаршанскі Сад / Слуцкі Гасцінец / электрадэпо Слуцкае
На станцыі Немаршанскі Сад пряцагваюцца актыўныя работы па заліўцы латка і сцен станцыі.
На станцыі Слуцкі Гасцінец работы паскараюцца — здымаецца верхні слой грунту, забіваюцца палі. На будпляцоўцы электрадэпо пакуль бяз зменаў.
У кастрычніку выйшла інтэрв’ю з архітэкатарамі Мінскметрапраекту, якія сказалі, што хутка (напэўна, у 2021) пакажуць новыя рэндары станцый другой чаргі трэцяй лініі. Па іх словах, Слуцкі Гасцінец і Немаршанскі Сад зменяцца ня моцна, але архітэктары “пагуляюць” з матэрыяламі. А вось Аэрадромную чакаюць істотныя змены.
Іншыя навіны
Да 2025 г. метрапалітэн плануе закупіць 12 4-х вагонных і 7 5-і вагонных саставаў Stadler.
У газеце “На стройках Минска” выйшаў невялікі, але цікавы артыкул пра асаблівасці работы на мінскім заводзе ЖБВ:
На гэтым усё!
Дзякуй вялікі за ўвагу! Калі Вы заўважылі нейкія памылкі ці недакладнасці, калі ласка — напішыце ў твітар https://twitter.com/metro_3d_line