#ТрэцяяЛінія, лістапад 2018
Лістапад 2018-га адзначыўся некаторым запавольваннем тэмпаў будаўніцтва. Падрабязней — у гэтым артыкуле.
Ст.м. Юбілейная Плошча
У мінулым аглядзе мы пісалі, што вуліца Мельнікайтэ над тупікамі станцыі будзе адкрытая ўвесну 2019-га. Такі стан вуліцы зараз.
На самой станцыі ўкладваюць дарагую і новую, пакуль нідзе ў Мінску не выпрабаваную, гідраізаляцыю — працэс доўгі і цяжкі.
Ст.м. Плошча Францішка Багушэвіча
Лістапад быў вельмі багаты на навіны з гэтай станцыі. Па першае, мы заўважылі, што змяніўся эскіз станцыі.
Другая важная навіна — на паверхні пачалі будаваць павільёны над заходнімі выхадамі са станцыі. Яны атрымаліся падобнымі на тыя, што ў большасці выкарыстоўваюцца на другой лініі.
І трэцяя хваля навін прыйшла з фільмам тэлеканалу СТБ пра Мінскі Метрапалітэн. Акрамя таго, што сам фільм вельмі цікавы і маштабны, там паказалі шмат чаго канкрэтна з будпляцоўкі станцыі.
Як можна бачыць, станцыя яшчэ цалкам не гатова ў канструкцыях. Але гэта не затрымлівае будаўнікоў — у гатовых частках яны хутка пачынаюць рабіць другую работу. Напрыклад — пракладваць рэйкі. Акрамя гэтага ідзе гідраізаляцыя станцыі.
Калі падсумоўваць вышэйнапісанае, то можна зрабіць выснову — станцыя будуецца хутка. Але не дастаткова — дырэктар Мінскметрабуду абяцаў, што ўжо ў лістападзе станцыю засыплюць і адкрыюць рух па плошчы Францішка Багушэвіча. Але не атрымалася.
Ст.м. Вакзальная
Праца тут ідзе даволі стабільна. Унутры пачынаюцца аздобныя работы, звонку — будуецца паркінг. Канкрэтных навін са станцыі ў лістападзе не было.
Алеся
На перагоне паміж ст.м. Вакзальная і ст.м. Кавальская Слабада дакапалі катлаван будучай венткамеры, што ў раёне Студэнцкай вуліцы. Побач з катлаванам збудавалі круглы шацёр. Унутры бачныя іскры рэзкі металу. Форумчане мяркуюць, што ў круглым шатры ляжыць падняты на паверхню ротар ад Алесі. Відавочна, што яму спатрэбіўся больш сур’ёзны рамонт, чым той, што можна было правесці ў катлаване.
Ст.м. Кавальская Слабада
У лістападзе навін з гэтай станцыі не паступала, але мяркуючы па мінулым прагрэсе можна сказаць, што там проста стабільна ідзе праца.
Ст.м. Аэрадромная, ст.м. Немаршанскі Сад, ст.м. Слуцкі Гасцінец
Навін з праходкі тунэляў Кавальская Слабада-Аэрадромная пакуль не было, але мяркуючы па ўсім правы тунэль ужо завершаны, а левы будзе завершаны ў снежні-студзені. Пытанне тут у іншым — будпляцоўка Аэрадромнай пакуль не распрацавана дастаткова (хаця ўжо і ачышчана ад Авіярамонтнага заводу), каб дэмантаваць шчыты. Калі пройдзе дэмантаж — пакуль невядома.
Будпляцоўкі станцый Немаршанскі Сад і Слуцкі Гасцінец пакуль усё яшчэ ў стане перакладкі камунікацый — нават аб’езды не рыхтуюцца.
Іншыя навіны
З’явілася першае жывое фота новага цягніка Stadler для Трэцяй Лініі.
Наконт гэтых цягнікоў было апублікавана цікавае выказванне намесніка дырэктара ГП «Мінскі метрапалітэн» па эксплуатацыі Андрэя Міхайлаўскага:
Па дамове паміж ГП «Мінскі метрапалітэн» і ЗАТ «Штадлер Мінск» ад 2017/01/19 № 29, не пазней II квартала 2020 года ў электрадэпо «Магілёўскае» наўзамен вагонаў са скончаным нарматыўным тэрмінам эксплуатацыі павінна быць пастаўлена 4 сучасных пяцівагонных электрацягніка (8 галаўных вагонаў і 12 прамежкавых). Яны будуць працаваць на 2-й лініі.
Цікавае выказванне, улічваючы тое, што раней нам казалі пра тое, што на другой лініі будуць весціся толькі выпрабаванні цігнікоў.
На гэтым усё!
Дзякуй вялікі за ўвагу! Калі Вы заўважылі нейкія памылкі ці недакладнасці, калі ласка — напішыце ў твітар https://twitter.com/metro_3d_line