Трэцяя Лінія ідзе на поўнач! Дзе і калі з’явяцца новыя станцыі?
Некалькі тыдняў таму ў сеціве з’явілася шмат новай інфармацыі адносна паўночнай часткі трэцяй лініі Мінскага Метрапалітэну. Прыйшоў час разабрацца ў ёй больш дэтальна.
Дзе?
Для пачатку — схема паўночнай чаргі будаўніцтва.
Другая чарга складаецца з 7-і станцый, агульная працягласць — 8.55 км. Яна звяжа Юбілейную Плошчу з раёнамі Камароўка, Сельгаспасёлак і Зялёны Луг.
Траса чаргі праходзіць праз Свіслач паміж станцыямі Прафсаюзная і Пярэспа. Злучэнне з другімі лініямі ўчастак будзе мець толькі ў будучыні на станцыі Плошча Дружбы Народаў (перасадка на 4 лінію).
Разглядзім больш падрабязней праект і размяшчэнне кожнай станцыі.
Увага! Усё, што Вы прачытаеце далей — толькі уласныя меркаванні і здагадкі аўтараў артыкулу. У рэчаіснасці ўсё можа быць па іншаму!
ст. Прафсаюзная
Перш чым абмяркоўваць праект самой станцыі трэба распавесці пра злучэнне гэтай часткі лініі з дзеючым (на той момант) метрапалітэнам.
Да станцыі Прафсаюзная будзе ісці два тунэлі, якія плануецца пракласці пад вуліцай Мельнікайтэ прыкладна ад будынку Тэхнабанку да самой станцыі, якая змесціцца на скрыжаванні вуліцы Мельнікайтэ і праспекта Пераможцаў.
Амаль адразу пасля грамадскага абмеркавання праекту падаўжэння лініі на форумах з’явіліся больш падрабязныя схемы станцый другой чаргі. Вось, напрыклад, схема Прафсаюзнай.
Хутчэй за ўсё ўчастак паміж тупікамі і Прафсаюзнай будзе будавацца немеханізаванымі шчытамі, якія могуць стартаваць з невялічкай будпляцоўкі каля Тэхнабанку, або з будпляцоўкі Прафсаюзнай.
Гледзячы на схемы можна пабачыць, што нас чакае вельмі вялікі перапад высот паміж Юбілейнай і Прафсаюзнай. Па словах чалавека, які выклаў фота — перапад складзе каля 45 праміле (~2 °). З-за гэтага, як ён сцвярджае, тунэлі могуць будаваць адкрытым спосабам. Калі так адбудзецца, то вул.Мельнікайтэ будзе перакрыта амаль уся, а будаўніцтва зацягнецца на гады, таму што глыбіня станцыі Прафсаюзная, куды будаўнікам патрэбна будзе спусціцца — 12 метраў.
У любым выпадку, абедзве будпляцоўкі будуць існаваць падчас будаўніцтва, а гэта значыць, што вул.Мельнікайтэ дакладна будзе перакрывацца. А як — дакладна даведаемся падчас будаўніцтва.
Крыху пра праект станцыі. Яна будзе нагадваць станцыі Міхалова і Немаршанскі Сад — шматпавярховая, кампактная, эскалатары па цэнтры станцыі. Вестыбюль у станцыі будзе таксама адзін. А вось выхадаў з падземнага пераходу будзе тры: адзін да цэнтральнага ўваходу Дома Прафсаюзаў, два другіх — на іншы бок вул.Мельнікайтэ.
Ст. Пярэспа
Станцыя названая ў гонар раёна старага Менску з той жа назвай, які ў сваю чаргу так назвалі ў гонар ракі Пярэспа.
Станцыя будзе змяшчацца на скрыжаванні праспекту Машэрава і вуліцы Крапоткіна.
Але спачатку — пра тунэль Прафсаюзная-Пярэспа. Адразу пасля Прафсаюзнай ён перасякае Свіслач (таму станцыя і такая глыбокая). Перасячэнне хутчэй за ўсё будуць рабіць адкрытым спосабам з перакладкай рэчышча ракі ў трубы, пракладзеныя па беразе ракі. Такім чынам рака ў месцы перасячэння з метро будзе асушана. Пасля гэтага хутчэй за ўсё адкрытым спосабам будуць пракладзены тунэлі, а пасля над імі збудуюць бетоную пліту шырынёй каля 40 м для абароны тунэляў ад уздзеяння ракі. З-за ўсяго гэтага чакаецца частковае перакрыццё Праспекта Пераможцаў на скрыжаванні з вул.Мельнікайтэ.
На другім беразе ракі хутчэй за ўсё будзе дэмантажная камера механізаванага шчыта — там для яе дастаткова месца (але і магчымы варыянт, што шчыт ісці да будпляцоўкі Прафсаюзнай). Таксама па плане на трасе гэтага ўчастку будзе пабудавана венткамера — таму магчымыя вырубкі ў скверы каля гатэлю Беларусь.
Будпляцоўка самой станцыі закране рух па праспекце Машэрава. Гэта важная для горада магістраль, таму каб не перакрываць па ёй рух поўнасцю можа быць закранута трамвайная лінія. З-за гэтага часова (гады на 3–4) будзе адменены рух трамвайных маршрутаў да Возера. Станцыя пачне будавацца пасля праходкі тунэляў Парк Дружбы Народаў — Прафсаюзная.
Праект станцыі Пярэспа ня дужа адрозніваецца ад праекту Прафсаюзнай — таксама шматпавярховая, таксама эскалатары ў цэнтры. Глыбіня — таксама каля 12 метраў. Выхадаў з падземнага пераходу будзе чатыры — па два на кожны бок праспекту Машэрава.
Ст.Камароўская
Станцыя месціцца на скрыжаванні вуліц Веры Харужай і Максіма Багдановіча.
Месца на гэтым скрыжаванні зусім няшмат, таму пры самым аптымістычным варыянце на 3–4 гады вул.Веры Харужай будзе перакрыта цалкам, а вул. М.Багдановіча пусцяць у завужаным варыянце. У песымістычным варыянце скрыжаванне ў гэтым месцы будзе цалкам перакрыта, а значыць павялічыцца нагрузка на вул. Куйбышава.
Праект станцыі Пярэспа падобны на праекты вышэйзгаданых двух станцый — таксама шматпавярховая, таксама эскалатары ў цэнтры. Відавочна, што праект спадабаўся метрабудаўнікам за сваю кампактнасць, адносную таннасць і хуткасць будаўніцтва. Глыбіня — таксама каля 12 метраў. Выхадаў з падземнага пераходу будзе чатыры — па аднаму на кожны з бакоў скрыжавання.
Станцыя пачне будавацца пасля праходкі тунэляў Парк Дружбы Народаў — Прафсаюзная.
Ст.м. Парк Дружбы Народаў
Станцыя будзе знаходзіцца прама пад плошчай Бангалор.
Плошча Бангалор — важнае месца для горада, таму цалкам яго перакрываць не будуць. Хутчэй за ўсё, нас чакае такое ж паўкруглае скрыжаванне, як зараз на Плошчы Францішка Багушэвіча. Для арганізацыі такога руху хутчэй за ўсё будуць спілаваныя амаль усе дрэвы, якія стаяць уздоўж скрыжавання.
Праект станцыі адрозніваецца ад вышэйзгаданых. Станцыя будзе мець два выхады, абодва — з лесвіцамі. Глыбіня — каля 7 метраў. Наконт тыпу станцыі(аднаскляпенная ці калонная) пакуль нічога невядома.
Калі выхадаў будзе два, то і падземных пераходаў таксама будзе два. Першы будзе знаходзіцца пад плошчай Бангалор і яго выхады (усяго 8) будуць выходзіць на кожны бок плошчы (як на Пушкінскай ці Пл.Ф.Багушэвіча). Другі пераход з’явіцца на поўначы плошчы, пад вул.М.Багдановіча каля прыпынку грамадскага транспарту. Выхадаў там будзе таксама чатыры, па два на кожны бок вуліцы М.Багдановіча.
Паміж іншым, на станцыі таксама запланавана перасадка на будучую станцыю чацвёртай лініі — перасадачны тунэль каля дома Сурганава, 88 і Службовая Злучальная Галіна (СЗГ) каля будынка Макдональдсу. Хутчэй за ўсё, падчас будаўніцтва станцый гэтыя тунэлі будавацца не будуць — зробяць толькі невялічкія зачыны (як калісьці на Фрунзенскай ці Плошчы Леніна) якія пры будаўніцтве чацвёртай лініі дапамогуць лягчэй пабудаваць вышэйзгаданыя злучэнні.
На станцыі таксама могуць быць пабудаваны разваротныя тупікі. А над станцыяй запланавана рэканструкцыя плошчы Бангалор з арганізацыяй двухузроўневай развязкі.
Дакладна адсюль будуць стартаваць шчыты, якія будуць капаць і ў бок Прафсаюзнай, і ў бок Лагойскай. У бок Прафсаюзнай тунэлі будуць цалкам пройдзены механізаваным комплексам.
UPD снежань 2018.
З’явіўся сумесны 3D-эскіз станцыі Парк Дружбы Народаў/Плошча Бангалор
Ст.м. Івана Мележа
Станцыя названа ў гонар вядомага беларускага драматурга Івана Паўлавіча Мележа.
Станцыя будзе размяшчацца на скрыжаванні вуліц М.Багдановіча і Халтурына, але з-за таго, што запланаваны амаль поўны знос Сельгаспаселка над станцыяй можа з’явіцца новая вуліца. Верагодна, гэта будзе нават прадленне існуючай вуліцы Мележа.
Перад і падчас будаўніцтва станцыі будзе праводзіцца актыўны знос існуючай забудовы, таму з арганізацыяй аб’езду будпляцоўкі праблем узнікнуць не павінна.
Праект станцыі зноў падобны на Міхалова — кампактная, з лесвіцамі ў цэнтры. Глыбіня — каля 5–7 метраў. Выхадаў з падземнага пераходу будзе чатыры — па аднаму на кожны з бакоў скрыжавання.
Ст.м. Зялены Луг
Станцыя месціцца пад скрыжаваннем вуліцы Шырокай і Першага завулку Кальцова.
Побач з скрыжаваннем размешчаны гаражы, якія, верагодна, пацерпяць ад будаўніцтва метро і арганізацыі аб’езду па вул.Шырокай.
Праект станцыі — зноў клон Міхалова. Зноў кампактнасць, зноў лесвіцы ў цэнтры платформы. Цікавасць гэтай станцыі таксама ў тым, што яна будзе размешчана амаль на паверхні — з-за гэтага пры будаўніцтве будуць рабіць адмысловы насып грунту, а таксама тунэлі ў гэтым месцы пойдуць угору (што, насамрэч, добра).
У дадатак на схеме станцыі на мясцовасці і агульнай схеме ўчастку можна пабачыць, што тунэлі пасля ст.Зялены Луг ідуць крыху ўправа, а потым рэзка ўлева. Хутчэй за ўсё гэта зроблена каб упісацца ў нарматыўныя радыусы крывых. Таксама з-за гэтага цягнік метро ў гэтым месцы будзе ісці даволі павольна
Ст.м. Лагойская
Канцавая станцыя паўночнага адрэзку трэцяй лініі. Месціцца пад скрыжаваннем Лагойскага тракту і вуліц Гамарніка, Карбышава і Сядых.
З-за будаўніцтва станцыі стоадсоткава будзе перакрывацца вышэйзгаданае скрыжаванне. Таксама на 3–4 гады закрыецца рух трамвайных маршрутаў у бок ДС Зялёны Луг.
Станцыя плануецца амаль што самая вялікая на паўночным участку. Верагодней усяго, што яна будзе калоннага тыпу, праект станцыі будзе нагадваць Каменную горку і Малінаўку. На станцыі запланавана два выхады са станцыі і па тры выхады на паверхню.
З-за таго, што станцыя канцавая, на ёй будуць пабудаваны разваротныя тупікі. Іх будаўніцтва будзе весціся адкрытым спосабам, таму Лагойскі тракт будзе часткова перакрыты амаль да развязкі з МКАД.
Тунэлі
Будавацца тунэлі будуць трыма стандартнымі для Мінска спосабамі, а дакладней:
- адкрытым спосабам
- немеханізаванымі шчытамі
- механізаванымі шчытамі
Адкрыты спосаб можа прымяняцца хутчэй за ўсё на Прафсаюзнай, тупіках Парка Дружбы Народаў, Зялёным Лузе (там, дзе насып) і тупіках Лагойскай.
Немеханізаваныя шчыты могуць выкарыстоўвацца таксама на Прафсаюзнай, тупіках Лагойскай, а таксама на перагонах, дзе вырашаць не выкарыстоўваць механізаваныя комплексы.
Механізаваныя шчыты будуць будаваць амаль усе тунэлі за раз: стартануць з Парку Дружбы Народаў і назад да Прафсаюзнай, а потым, верагодна, зноў з Парку да Лагойскай. Канструкцыі прамежкавых станцый і існуючы вопыт (будаўніцтва ст.м.Плошча Францішка Багушэвіча) дазваляюць гэта зрабіць.
Некалькі год таму на адным з мерапрыемстваў вісела наступная схема, згодна з якой шчыты планавалася вымаць з зямлі кожную станцыю, што даволі неэфектыўна і павольна. Але зараз яна ўжо неактуальная і нясе інфармацыю толькі пра працягласць перагонаў.
Калі?
Гледзячы на існуючыя графікі і тэмпы будаўніцтва метро ў Мінску, нават улічваючы магчымасць пакупкі другога механізаванага шчыта, будаўніцтва можа пачацца ў 2019–2022 гадах, а канчаткова гэты ўчастак можа быць пабудаваны паміж 2029 і 2033 гадамі.
Але паўночны ўчастак не будзе зданы адразу ўвесь. Магчымасці Мінскметрабуду на дадзены момант дазваляюць здаваць максімум 4 станцыі за раз. Таму, верагодна, станцыі Прафсаюзная, Пярэспа, Камароўская і Парк Дружбы Народаў будуць складаць першую чаргу будаўніцтва і будуць зданы ў 2025–2027 гадах. З-за гэтага на станцыі Парк Дружбы Народаў могуць пабудаваць разваротныя тупікі, што пацягне за сабой дадатковыя закрыцці руху па вул.М.Багдановіча.
Другую чаргу будаўніцтва будуць складаць станцыі Івана Мележа, Зялёны Луг і Лагойская, якія адкрыюцца ў 2029-2033 гадах.
UPD. 19 лютага з’явіліся пацверджанне інфармацыі пра дзяленне на чэргі будаўніцтва — поўнасцю супадае з прагнозам.
UPD. 21 лютага з’явілася інфармацыя пра разліковы тэрмін будаўніцтва — 8 гадоў. Гэта часткова супадае с прагнозам. Таксама паведамляецца пра тэрміны сканчэнне праектавання ўчастку — 2022 год. Толькі пасля гэтага пачнецца будаўніцтва.
Кошт
Згодна з гэтай навіной (ад 11 верасня 2018), агульны бюджэт складзе прыкладна 2 мільярды 200 мільёнаў рублёў (~1 мільярд 30 мільёнаў USD). Каля 350 мільёнаў (~164 мільёна USD) будуць выдаткаваныя на падрыхтоўчыя працы. Астатняе, уласна, на само будаўніцтва. Адзін кіламетр тунэлю абыйдзецца ў 226 мільёнаў рублёў (~106 мільёнаў USD).
Вынік
Метро ў Мінску будуецца і гэта добра. Канешне, было б яшчэ лепей, калі б разам з метро развіваліся і іншыя хуткасныя віды транспарту (Гарадскія Лініі, хуткасны трамвай і інш.), але што маем…
Шмат пытанняў вызывае і траса лініі, і частае прымяненне праекту станцыі з лесвіцамі ў цэнтры, але на гэта ёсць адзін адказ — уся трэцяя лінія будуецца на перспектыву і не разлічана на вялікі пасажырапаток. У дадатак траса трэцяй лініі амаль не змянялася з 1980-х, таму што згодна з гэтай схемай ў горадзе рабілі патрэбныя землеадводы.
Згодна з нядаўнім дакументам, сучасныя праектыроўшчыкі прапаноўвалі іншую трасу паўночнай чаргі — яна б зрушылася крыху правей і прайшла б пад вуліцамі Куйбышава і Бяды. Але аўтары дакументу вырашылі, што такое будаўніцтва прынясе толькі больш праблем і падчас будаўніцтва, і падчас эксплуатацыі.
Рэндэры станцый павінны з’явіцца ўжо даволі хутка. Гледзячы на мінулыя гады, гэта павінна адбыцца недзе ў 2020-м.
Дзякуй за ўвагу!