#ТрэцяяЛінія, май 2019
Май адзначыўся некалькімі значнымі падзеямі ў свеце Мінскага метрабудаўніцтва. І схема ў некаторых месцах значна змянілася.
Падрабязней — у нашым месячным аглядзе.
Ст.м. Юбілейная Плошча
На самым цяжкім аб’екце трэцяй лініі заўважаны вялікі прагрэс — поўнасцю закапалі тупікі, знялі плот і заасфальтавалі вуліцу Мельнікайтэ. Рух пакуль не адкрыты, але гэта справа некалькіх дзён.
Вось так вул.Мельнікайтэ выглядала пасля зняцця плоту.
А 13 чэрвеня адбылося яе адкрыццё:
На самой станцыі таксама ёсць рух. Пабудавалі ўзровень платформы, працягваюць будаваць асноўныя канструкцыі. У верасні 2019 года плануецца пачаць аздабленне.
Першая за шмат месяцаў навіна з перасадачнага тунэлю Фрунзенская-Юбілейная Плошча — яго ўжо засыпаюць.
Таксама 17 мая там адкрылася “Маладзёжная будоўля”. БЕЛТА піша, што
на объекте будет трудиться сводный белорусско-российский студенческий строительный отряд общим количеством 120 бойцов.
Ст.м. Плошча Францішка Багушэвіча
На паверхні ідзе падрыхтоўка да чарговай змены арганізацыі руху — трэба месца, каб будаваць выхады са станцыі ў бок музычнага тэатра і “Галантэі” (па апошніх навінах — схема зменіцца ў пачатку ліпеня). Першы са згаданых выхадаў будуецца нават хутчэй чым плануецца, словы начальніка участка № 14 БМУ № 2 «Мінскметрабуда» Віталя Панасюка:
У сувязі з правядзеннем II Еўрапейскіх гульняў вымушаныя як мага хутчэй выконваць усе працы. Напрыклад, другі ўваход на станцыю (усяго іх чатыры), які вядзе да Музычнага тэатру, пабудавалі за тыдзень, хоць на гэта патрабуюцца 22 дня.
На самой станцыі ўжо зманціраваны эскалатары. У касавым зале тынкуюць сцены. У адмысловых памяшканнях робяць цагляны мур, на платформе укладваюць граніт. Амаль гатовы прасторны тэхнічны паверх: увесь абліцаваны пліткай.
Але цяжкасць яшчэ складае каля 30 недабудаваных метраў станцыі — там будзе размяшчацца інжэнернае абсталяванне.
Побач са станцыяй па вул.Няміга пачалося будаўніцтва новага гандлёва-бізнэс цэнтра.
Ст.м. Вакзальная
На станцыі працягваецца аздабленне, сантэхнічныя работы і мантаж абсталявання. Ўзвялі платформу і службовыя памяшканні, усталявалі чатырохстужачныя эскалатары, а таксама ліфты для маламабільных груп грамадзян. Глыбіня станцыі — каля 12 м (адна з самых неглыбокіх у Мінскім Метро).
Алеся
Алеся была паспяхова перавезена з Кавальскай Слабады на Вакзальную і пачала апошні тунэль першай чаргі будаўніцтва трэцяй лініі.
Тунэль даўжынёй 1260 м метрабудаўнікі плануюць прайсці да снежня. У якасці эксперымента на шчыт паставілі больш дарагія рэжучыя элементы, рэсурс якіх удвая больш — 450 м.
Ст.м. Кавальская Слабада
Станцыя амаль уся аздобленая гранітам і мармурам, асноўныя работы вядуць у холе. Ліфты для маламабільных пасажыраў яшчэ не ўсталяваныя. На платформе з дапамогай гарматы сушаць абтынкаваныя сцены. Наконт свяцілень — будаўнікі кажуць, што яны будуць эксклюзіўнымі.
Ст.м. Аэрадромная / Немаршанскі Сад / Слуцкі Гасцінец / электрадэпо Слуцкае
На Аэрадромнай працягваецца падрыхтоўка катлавана пад будаўніцтва станцыі.
Вакол астатніх станцыі завяршаецца перанос камунікацыі і будуюцца аб’езды. У дэпо — амаль нічога не робіцца.
Іншыя навіны
Адна з галоўных навін месяца — тое, што нібыта назвалі дату здачы лініі — 3 ліпеня 2020г. Дата прыгожая, але сумнеўная. І вось чаму.
Два гады таму дырэктар Мінскметрабуду казаў, што станцыі адкрыюцца напрыканцы 2020-га. Прычыны — цяжкая геалогія на Юбілейнай, з-за якой яны адсталі ад графіка на 4 месяцы. Да гэтага былі і затрымкі з Алесяй. Дарэчы, дату назвалі толькі ў гэтым матэрыяле агенства “Мінск-Навіны” і толькі ў загалоўку — ніякіх цытат або спасылак у тэксце.
Акрамя гэтай даты назвалі яшчэ некалькі — намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы «Мінскметрабуда» Алег Байчук кажа
Плануем да 30 снежня 2019 года скончыць аздабленне памяшканняў. Да 2 студзеня 2020га — пусціць пробны цягнік.
Гэтыя даты выглядаюць больш рэальнымі, але толькі ў тым выпадку, калі Алеся завяршыць апошні тунэль у сярэдзіне восені.
Перад Еўрапейскімі Гульнямі ў метро крыху змяніліся навігацыйныя схемы. На іх зараз уся трэцяя лінія ад Юбілейнай Плошчы да Слуцкага Гасцінца пазначана статусам “будуецца”.
Платформеныя дзверы пакуль што не закуплены - тэндар не правадзіўся.
8 чэрвеня на Stadler Minsk адбыўся дзень адкрытых дзвярэй. Там паказалі, у тым ліку, і цягнікі для Мінскага метро — два цягніка з тых дзевяці, што яшчэ будуюцца, ўжо на апошніх стадыях гатоўнасці.
Дырэктар УП «Мінскметрабуд» Леанід Стухальскі ў нядаўнім інтэрв’ю заявіў:
Наш інстытут праектуе наступныя станцыі — у бок плошчы Бангалор. У 2020 годзе пачнём работы па падрыхтоўцы тэрыторыі для будаўніцтва гэтых станцый.
Гэта значыць, што ўжо ў наступным годзе пачнецца перанос камунікацый на першых 4-х станцыях паўночнай часткі лініі.
На гэтым усё!
Дзякуй вялікі за ўвагу! Калі Вы заўважылі нейкія памылкі ці недакладнасці, калі ласка — напішыце ў твітар https://twitter.com/metro_3d_line