#ТрэцяяЛінія, май 2020
У вас бывае такое, што нешта вельмі доўга чакаеш, ужо амаль тэрмін прыйшоў, і тут раз — і трэба чакаць яшчэ?
Пра перанос тэрмінаў здачы лініі і іх актуальны стан у гэтым выпуску!
Ст.м. Юбілейная Плошча
Перад тым, як пачаць распавядаць па кожный станцыи асобна — крыху пра агульны стан лініі. На ўсёй працягласці тунэляў пакладзены рэйкі, але яшчэ не ўсюль пакладзена кантактная рэйка.
Службовая галіна ўжо злучана са стрэлкай, якую будавалі раней, але прасценак паміж лініямі яшчэ стаіць (магчыма, ужо часовы). Таксама былі звесткі пра тое, што на лінію ўжо загналі габарытную раму — спецыяльную рамку на колах, якая праязжае па тунэлях і правярае бяспечныя інтэрвалы.
Старшыня Мінгарвыканкама Анатоль Сівак у інтэрв’ю Беларусь 1 паўафіцыйна пацвердзіў новую дату здачы лініі — 1 верасня.
Ну а зараз пра Юбілейную плошчу. У кругласутачным рэжыме на станцыі працуюць больш за 300 чалавек, 2/3 з якіх — гэта падрадныя арганізацыі.
На станцыі працягваюцца работы па аздабленні: завяршаецца падвясная столь, пачаліся работы па аздабленны калон і указальнікавых груп.
Працягваюцца актыўныя работы па будаўніцтве пешаходных тунэляў. Малы тунэль ужо амаль засыпаны, а вось вялікі — яшчэ не.
Упершыню за доўгі час яго паказалі знутры. Па фотаздымках бачна, што там яшчэ толькі пачынаюць манціраваць травалатары. Таксама застаецца шмат работ па аздабленні і мантажы асвятлення.
Таксама аднаўляюць выхады з пераходу Фрунзенскай — яны будуць, як і раней, па абодвух баках вул. Сухой. Але ёсць і новаўвядзенне! Каля абодвух выхадаў робяць ліфты! Пакуль не вядома, куды яны будуць выходзіць, бо ў пераходзе ніякіх парталаў няма, таму хутчэй за ўсё спусціцца можна будзе адразу ў вестыбюлі Юбілейнай/Фрунзенскай.
Праз шчыліны ў плоце можна нават пабачыць вестыбюль Юбілейнай Плошчы — там ідуць актыўныя работы па аздабленні.
На аварыйным выхадзе са станцыі збіраюць будынак выхаду. Па ўсёй вуліцы Сухой працуе Зелянбуд, які высаджвае траву і кустарнікі.
Працягваюцца работы і на Фрунзенскай. З мінулага месяца там стаіць агароджа ў вестыбюлі, зараз пачалі з’яўляцца агароджы і на платформе.
Ст.м. Плошча Францішка Багушэвіча
На паверхні пачалося вельмі актыўнае добраўпарадкаванне. Хуткасць нават вышэй чым на Кавальскай Слабадзе, хаця там работ меней. Зараз фарміруецца “турбакальцо” (як на Бангалоры) — ставяцца бардзюры, слупы, ідзе актыўная падрыхтоўка да ўкладкі асфальту праезнай часткі, фарміруюцца тратуары. Запусціць рух па новай схеме плануецца з 15 чэрвеня.
Побач, на праспекце Дзяржынскага, ідуць земляныя работы па абодвух баках склону, а таксама знос некаторых будынкаў.
На станцыі завяршаюцца аздобныя работы, застаўся невялікі ўчастак абліцоўвання гранітам падлогі. Праводзіцца абліцоўванне калон металакерамікай, скончваецца мантаж падвеснай столі. Таксама праводзяцца пусканаладачныя работы, працуюць каля 150 чалавек, ў 2 змены або нават у выходныя дні.
Ст.м. Вакзальная
На паверхні поўнасцю засыпана былая мантажная камера Алесі. Пачынаецца добраўпарадкаванне, паціху разбіраюць агароджу будпляцоўкі. Таксама паціху пачынаюць знешнее аздабленне паркінга над станцыяй і Minsk City Mall побач.
На платформе працягваюцца работы па аздабленні, мантажы эскалатараў і другіх сістэм. Зараз тут у дзве змены працуе 80 чалавек.
Адной з асаблівасцяў новых станцыі будзе адсутнасць аздаблення пуцявых сцен — яны будуць проста пафарбаваны ў колер станцыі. На іх таксама ня будзе назвы станцыі — яна будзе на ўказальніках над платформеннымі дзверамі.
На станцыі таксама з’явіліся першыя ўказальнікі трэцяй лініі:
На платформе Плошчы Леніна ідуць актыўныя работы па фарміраванні пераходу. Работы ідуць нават днём. Ужо сфарміраваны лесвічны марш.
У электрадэпо Маскоўскае падрыхтаваны эскалатар для дадзенага пераходу, чакае мантажу.
Таксама з’явіўся плот і паўднёвым вестыбюлі Плошчы Леніна, куды будзе ісці малы пешаходны тунэль.
Будпляцоўка за ФМА БДУ, дзе рабілі падлучэнне вялікага тунэлю да станцыі, засыпана. У інжэнерным корпусе завершаны фасадныя работы і чыставое аздабленне памяшканняў, завяршаецца мантаж розных сістэм.
Ст.м. Кавальская Слабада
На паверхні працягваецца добраўпарадкаванне — на скрыжаванні ўжо пакладзены асфальт, завяршаецца ўкладка пліткі.
Дарэчы, магчыма з гэтым звязана перакрыцце вуліцы Жукоўскага на тры тыдні.
На станцыі працягваецца наладка розных сістэм. Таксама ідуць работы па мантажы дэкаратыўных кампазіцый — “Кавальскія выцінанкі” пад столлю ўжо змантаваны, але нам яшчэ абяцаюць каваныя агароджы і мастацкія кампазіцыі са шкла на сценах. Зараз тут працуе каля 50 чалавек.
Ст.м. Аэрадромная
Работы па будаўніцтве канструкцый станцыі моцна запаволіліся. Магчыма гэта звязана з актыўнымі работамі па здачы першай чаргі. На станцыі працягваецца распрацоўка катлавана на поўначы, дзе дагэтуль знаходзяцца два немеханізаваных шчыта.
Алеся
Станам на 26 мая шчыт прайшоў 868 / 1830 м і прыпыніўся. На шляху знаходзіцца вельмі абводненая дзялянка з ракой Лошыцай, якую трэба умацаваць з дапамогай каля 112-і паляў. Таму шчыт яшчэ каля месяца-двух будзе чакаць.
Ст.м. Немаршанскі Сад / Слуцкі Гасцінец / электрадэпо Слуцкае
На майскіх панарамах ад bir.by можна пабачыць актуальны стан будпляцовак. На Немаршанскім Садзе ідзе распрацоўка катлавана, на Слуцкім Гасцінцы і электрадэпо Слуцкае — актыўнасці няма.
Дарэчы, у чэрвені чакаецца раскансервацыя электрадэпо — па словах Дырэкцыі па будаўніцтве гэта было звязана са зменамі ў праектнай дакументацыі.
Іншыя навіны
Новыя пацівагонныя Штадлеры працягваюць паступаць у метро — днямі адзін з такіх саставаў быў заўважаны ў электрадэпо Маскоўскае. Усяго іх павінна быць чатыры, па два на кожнае дэпо. Дарэчы, на Аўтазаводскай лініі пяцівагонны Штадлер ужо возіць пасажыраў. Пяцівагонныя саставы застануцца на першай і другой лініях.
У Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага Метрапалітэна заявілі, што на трасе новай часткі лініі пад знос ідзе толькі 3 дамы, значна лягчэй ідзе праца з пераносам камунікацый.
Таксама ў бліжэйшы час чакаецца пачатак рэканструкцыі ДС Дружная.
На гэтым усё!
Дзякуй вялікі за ўвагу! Калі Вы заўважылі нейкія памылкі ці недакладнасці, калі ласка — напішыце ў твітар https://twitter.com/metro_3d_line