Як будавалі першыя станцыі Трэцяй лініі Мінскага Метрапалітэна
Больш за сем гадоў будаваліся першыя станцыі трэцяй лініі Мінскага метро. Здаецца, усе ўжо паспелі звыкнуць да заўсёды перарытай плошчы Багушэвіча, да блытаніны на Дружнай і перакрытай Мельнікайтэ. У 2020-м усё гэта, нарэшце, скончылася і цяжкасці пайшлі на поўдзень, а зусім нядаўна і на поўнач горада. А ў цэнтры горада ўпершыню за 30 гадоў з’явіліся новыя станцыі метро. Давайце ўзгадаем, чаму і як будавалі новую лінію.
1970–2013: планіраванне і праекціраванне
Першыя ўзгадкі пра магчымае будаўніцтва метрапалітэна ў Мінску даціруюцца канцом 1960-х гадоў, калі адпаведная нататка з’явілася ў газеце “Вячэрні Мінск”. Той план моцна адрозніваўся ад таго, што мы бачым цяпер. Напрыклад, менавіта першая лінія павінна была цягнуцца з Курасоўшчыны ў Зялёны Луг, а трэцяя — ад Плошчы Якуба Коласа да Чыжоўкі.
Сур’езна будаўніцтва трэцяй лініі пачалі планіраваць ў 1970-я, калі пачалі ў прынцыпе праекціраваць метро Мінска. У 1971–1974 гадах “Метрагіпратранс”, “Мінскпраект” і інстытут БЕЛГІІЗ выканалі праектна-пошукавыя работы і тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне метрапалітэна ў Мінску і прадставілі першы праект Мінскага метрапалітэна.
Праект некалькі адрозніваўся ад фактычна рэалізаванага, хоць асноўныя прынцыпы, закладзеныя ў ім, былі выкананы. Схема метро была спраекціравана па прынцыпе трох дыяметраў, якія перасякаюцца ў цэнтры — т.зв. “савецкі трохкутнік” — планіроўка перасадак у метро, дзе лініі фарміруюць трохкутнік . Яго можна заўважыць у шмат якіх метрапалітэнах краін былога “сацлагеру”.
З цікавага і нерэалізаванага — вілачныя адгалінванні другой лініі ў Вяснянку і Чыжоўку, размяшчэнне Купалаўскай пад вуліцай Чырвонаармейскай, а трэцяя лінія павінна была на поўначы завяршацца ў раёне вуліцы Арлоўскай. Ну, і вядомая ўжо ўсім станцыя-прывід Камсамольская.
Бліжэй да адкрыцця першай чаргі першай лініі ўсё стала на месца і трасіроўка ліній прыняла звыклы нам цяпер выгляд, які амаль не змяняўся на працягу апошніх 40 гадоў.
Хоць час ад часу з’яўляліся прапановы аб прадленні трэцяй лініі ці то ў Сеніцу або Курасоўшчыну з аднаго боку, або ў Бараўляны з другога, па афіцыйных планах лінія завяршаецца ў раёнах Слуцкай і Лагойскай трас адпаведна.
Нягледзячы на тое, што планы і тэрміны будаўніцтва ўвесь час змяняліся, праекціроўшчыкі і будаўнікі падчас будаўніцтва іншых станцый пакідалі на будучыню т.зв. “зачыны”. Напрыклад, калі будавалі станцыі Плошча Леніна і Фрунзенская, пад платформамі былі зроблены ўглыбленні пад лесвічныя маршы перасадак. А пры будаўніцтве тунэляў другой лініі паміж станцыямі Фрунзенская і Маладзёжная быў зроблены зачын пад з’езд на трэцюю лінію.
Самы цікавы зачын быў зроблены падчас будаўніцтва комплекса ФМА БДУ — пад будынкам зрабілі малую частку перасадачнага тунэлю з першай на трэцюю лінію. Яго, праўда, ня выкарысталі, бо саму станцыю Вакзальную перанеслі з Прывакзальнай пл. (куды і быў напраўлены зачын) на Дружную. Па легендзе, падчас рэканструкцый Прывакзальнай плошчы і Цэнтральнага аўтавакзалу ня ўлічылі будаўніцтва станцыі трэцяй лініі і не зрабілі дастатковых зачынаў (або ня ўмацавалі фундамент аўтавакзалу, або наадварот — умацавалі занадта моцна, набілі шмат глыбокіх паляў). Гэта было адной з прычын чаму новую станцыю прыйшлося пераносіць на Дружную, а перасадку — павялічваць.
Напачатку будаўніцтва трэцюю лінію планіравалі зрабіць яшчэ больш глыбокай, чым зараз. Напрыклад, станцыя Вакзальная павінна была быць на глыбіні каля 20 метраў, каб “паднырнуць” пад першую лінію. А станцыю Плошча Францішка Багушэвіча, якая і зараз ня вельмі мелкая, планіравалася апусціць яшчэ ніжэй з-за меркаванага будаўніцтва транспартнага тунэлю на плошчы. У 2013-м ад гэтых ідэй адмовіліся з-за праблем з фінансамі і часам будаўніцтва, а станцыі размясцілі значна бліжэй да паверхні.
Па колькасці станцыі, якія будуць здавацца адначасова, таксама былі вельмі розныя меркаванні. З гэтым звязана вельмі багатая гісторыя тэрмінаў адкрыцця:
- у 2000-м казалі, што першы пускавы ўчастак трэцяй лініі — ад плошчы Бангалор да вуліцы Жукоўскага — будзе здадзены ў эксплуатацыю да 2030-га;
- у 2007-м планіравалі здаць у 2015-м першыя 5 станцый (4 вядомыя і Прафсаюзная — не хацелі некалькі разоў перакрываць Мельнікайтэ);
- у 2008-м казалі пра здачу у 2017-м 5-і станцый (але пятая ўжо не Прафсаюзная, а Аэрадромная);
- у 2010-м 7 станцый планіравалі адкрыць у 2017-м;
- у 2012-м казалі пра адкрыццё толькі першай чаргі (4 ст.) ў 2017-м, а яшчэ трох станцый і дэпо — у 2020-м;
- у 2014-м пайшлі размовы пра адкрыцце першага ўчастку напачатку 2018-га;
- у 2015-м ужо казалі пра адкрыццё першага ўчастку ў канцы 2018-га — напачатку 2019-га;
- у 2016-м начальнік метрабуду казаў пра здачу ў 2020-м;
- у 2017-м тэрміны ізноў перанеслі — на гэты раз першыя чатыры станцыі павінны былі быць здадзены ў 2019-м. Пазней, праўда, удакладнялі — гаворка ішла пра адкрытыя работы, поўнае адкрыцце пераносілася на канец 2020-га;
- у 2019–2020 сталі больш упэўнена казаць пра 2020ы, нават называлі канкрэтныя даты. Напрыклад, Дзень Незалежнасці, 9 жніўня, 1 верасня. Толькі ў верасні 2020, калі ўсе вышэйзгаданыя даты прайшлі, сталі казаць пра звыклае 7 лістапада.
Як можна зразумець, у выніку спачатку вырашылі здаць першыя чатыры станцыі, ад Юбілейнай Плошчы да Кавальскай Слабады. Яны склалі першы ўчастак першай чаргі трэцяй лініі. У другі ўчастак першай чаргі ўвайшлі станцыі Аэрадромная, Немаршанскі Сад і Слуцкі Гасцінец, а таксама Электрадэпо Слуцкае. Другую чаргу будаўніцтва будуць складаць станцыі Прафсаюзная, Пярэспа, Камароўская і Парк Дружбы Народаў. Трэцюю чаргу — станцыі Івана Мележа, Зялёны Луг і Лагойская — па завяршэнні якіх лінія будзе поўнасцю сфарміравана.
У 2010-м пачаліся першыя геалагічныя даследванні па трасе трэцяй лініі.
У 2012-м, пасля адкрыцця падаўжэння першай лініі на паўднёвы захад, трэцяя лінія ўпершыню з’явілася на схемах метрапалітэна як праекціруемая. Пасля адкрыцця Малінаўкі ў 2014-м першую чаргу лініі перафарбавалі ў “будуецца”.
Амаль ад самага пачатку казалі пра мантаж на лініі платформенных дзвераў, але канкрэтнай інфармацыі не было. Гэта нараджала шмат чутак пра тое, што новыя станцыі могуць быць падобныя на Пецярбургскі гарызантальны ліфт. З-за гэтага нават з’яўляліся даволі футурыстычныя аматарскія рэндары станцый (але пра гэта — далей). Першы тэндар на закупку будзе праведзены ў 2017-м, а дакладныя тэхнічныя параметры ўстаноўленых бар’ераў і іх знешні выгляд стануць вядомыя толькі пад канец будаўніцтва, у 2019–2020 гадах.
Таксама ад пачатку будаўніцтва было вядома пра аўтаматычны рух саставаў пад наглядам машыністаў. Сістэму аўтавядзення распрацавала расійская кампанія “Лайтон”, а цягнікі ў 2014-м прапанавала паставіць кампанія Stadler. У студзені 2017 беларуская дачка кампаніі, ЗАТ “Штадлер Мінск”, выйграла тэндар на пастаўку для Мінскага метрапалітэна 10 метрацягнікоў з функцыяй аўтавядзення — саставы ідуць самастойна, а машыністы прысутнічаюць у кабіне і кантралююць працэс.
Назвы станцый былі зацверджаны ў 2012-м. Яны былі прапанаваны камісіяй Мінгарвыканкама.
Афіцыйныя рэндары новых станцый з’явіліся у верасні 2013. Былі прадстаўлены эскізы як першых чатырох станцый, так і трох станцый другога ўчастка першай чаргі.
Да самага адкрыцця ў рэндары будуць уносіць змены — больш за ўсіх зменіцца Вакзальная.
Але задоўга да афіцыйнага рэлізу розныя аматары прадстаўлялі свае праекты новых станцый. Вось некаторыя з іх.
Крыху пазней афіцыйнага рэлізу рэндараў станцыі з’явіліся і іх сітуацыйныя планы. Збольшага яны і зараз адпавядаюць рэчаіснасці.
2013-2014, першыя будпляцоўкі
Падрыхтоўка да будаўніцтва пачалася ў кастрычніку 2013 года. Менавіта тады быў знесены і разабраны першы будынак, які падлягаў зносу. Ім стаў двухпавярховы будынак на Дружнай, які даўно не эксплуаціраваўся, па адрасе Вакзальная, 42. Наогул падчас будаўніцтва будзе знесена каля 100 будынкаў (66 адміністрацыйных будынкаў і збудаванняў, 29 жылых дамоў (66 кватэр), з іх 27 прыватных).
У красавіку 2014 пайшоў пад знос прыгожы, але закінуты будынак кінатэатру Ўдарнік на вуліцы Жукоўскага.
Знос будынкаў часам запавольваў працэс будаўнцтва. Напрыклад, уладальнікі некаторых дамоў вакол станцыі Кавальская Слабада не пагаджаліся на грашовую кампенсацыю, адмаўляліся ад варыянтаў перасялення, судзіліся. Толькі з-за двух будынкаў будоўля застыла на дзевяць месяцаў. А на станцыі Вакзальная жыў ветэран, які быў не супраць пераехаць, але падчас афармлення дакументаў чалавека не стала і з-за доўгага працэсу ўступлення сваякоў у правы спадчыны работы прыпыніліся на паўгода.
Першыя будпляцоўкі трэцяй лініі з’явіліся ў снежні 2013-га на вуліцы Жукоўскага (станцыя Кавальская Слабада), але актыўна працаваць на іх пачалі ў 2014-м. Спачатку будуць займацца ў асноўным пераносам камунікацый.
Летам 2014, з-за пашырэння будпляцоўкі, на скрыжаванні вуліц Жукоўскага-Варанянскага будзе зменена схема руху. На месцы тупікоў пачнуць забіваць палі і распрацоўваць катлаван, быў устаноўлены казлавы кран. Восенню частка катлавана тупікоў будзе поўнасцю распрацавана і там пачнецца мантаж канструкцый тупікоў, пад канец года нават пачнуць іх гідраізаляцыю. Таксама будзе ўстаноўлены другі казлавы кран і пачнецца распрацоўка непасрэдна катлавана станцыі.
Увесну 2014 будгарадок метрабуду з’явіўся на Дружнай, на месцы будучай будпляцоўкі станцыі Вакзальная. Туды пачалі звозіць рознае абсталяванне для распрацоўкі катлаванаў. Летам будпляцоўка была пашырана, а схемы руху былі зменены. Таксама пачнуць забіваць першыя палі катлавана станцыі, але асноўныя работы ў 2014 годзе — перанос камунікацый. Напрыканцы года будзе зманціраваны казлавы кран і пачнецца распрацоўка катлавана.
Напачатку 2014 года вельмі актыўна працавалі геолагі на вуліцы Сухой, на месцы будпляцоўкі станцыі метро Юбілейная Плошча. Пазней на працягу года тут пачнецца перанос камунікацый, знос будынкаў і спілоўванне дрэваў.
Вакол станцыі Плошча Францішка Багушэвіча ў 2014 годзе павольна вяліся работы зносе будынкаў, пачынаўся перанос камунікацый.
У сакавіку 2014 быў падпісаны кантракт з французскай кампаніяй CSM Bessac на пастаўку новага, доўгачаканага, механізаванага тунэлепраходчага комплексу. Ён будзе сабраны за восем месяцаў і дастаўлены ў Мінск у канцы 2015 года, а пачне работу ў 2016-м. Кошт — каля 12 млн. USD. Для CSM Bessac замоўлены комплекс стане самым вялікім за гісторыю кампаніі, а таксама першым, які выкарыстоўваўся на будоўлі метро.
2015, першыя катлаваны
У сакавіку пачнецца забіўка паляў на месцы вялікага перасадачнага тунэля са станцыі Юбілейная Плошча на станцыю Фрунзенская ў двары дамоў Кальварыйская, 1 і Сухая, 2. Бліжэй да восені пачнецца распрацоўка катлавана — тунэль будзе будавацца адкрытым спосабам.
15 студзеня 2015 года закрылі скразны праезд па вул. Караля, а таксама па кавалку вуліцы Сухой, што побач з 1-ай клінічнай паліклінікай. З 17 ліпеня рух быў адкрыты, а вось па вуліцы Сухой ад Кальварыйскай да Караля амаль да самага адкрыцця лініі ў 2020-м рух быў поўнасцю перакрыты. Прыкладна тады ж і была агароджана будпляцоўка станцыі Юбілейная Плошча.
У жніўні на скрыжаванні Сухой і Кальварыйскай пачаўся дэмантаж канструкцый выхадаў з падземнага пераходу станцыі Фрунзенская. Акрамя гэтага на ўсёй тэрыторыі станцыі Юбілейная Плошча актыўна пераносілі камунікацыі.
У лістападзе была перакрыта вуліца Мельнікайтэ, ад скрыжавання з Кальварыйскай прыкладна да завулку Дзімітрава — тут будуць будаваць тупікі станцыі. Адразу пасля закрыцця пачаўся актыўны перанос камунікацый.
Увесну 2015-га пачаліся работы на месцы прымыкання службовай злучальнай галіны (СЗГ) трэцяй лініі да другой лініі. На скрыжаванні вуліц Кальварыйская і Цэткін была агароджана будпляцоўка каля будынку Караля, 51 і зроблены аб’езд. Бліжэй да канца года пачалася распрацоўка катлавана мантажнай камеры для немеханізаванага тунэлепраходчага комплекса (НТПК), які будзе праходзіць галіну.
На плошчы Багушэвіча ў 2015-м годзе пераносіліся камунікацыі. Прычым нават не на тэрыторыі самой станцыі, а побач — на тэрыторыі заводу Сукно, побач са скрыжаваннем Бабруйская-Маскоўская, на тэрыторыі Галантэі. Пад канец года пачалі падразаць курганы з боку Паўночнага завулку. Да будаўніцтва непасрэдна станцыі Плошча Францішка Багушэвіча ў гэтым годзе не прыступалі.
На Дружнай у гэтым годзе ў асноўным працавалі над катлаванамі станцыі Вакзальная і мантажнай камерай немеханізаваных комплексаў для будаўніцтва перасадачных тунэляў. За год будаўнікі паспеюць амаль поўнасцю іх распрацаваць, пачнуць збіраць канструкцыі станцыі, заліваць каланаду платформенай дзялянкі і нават перакрываць платформу.
У кастрычніку пачнецца праходка немеханізаваным праходчым комплексам малога перасадачнага тунэля на станцыю Плошча Леніна адлегласцю 175 метраў. Таксама восенню пачнецца распрацоўка мантажнай камеры механізаванага тунэлепраходчага комплекса і яго зборка.
У лютым пайшоў пад знос прыгожы будынак 18-й школы па вуліцы Варанянскага. Пазней тут пабудуюць корпус абслугоўваючага персаналу метрапалітэну.
На будпляцоўцы станцыі Кавальская Слабада працягвалася распрацоўка катлавана платформенай часткі станцыі. Пад канец года заліваліся бетонныя канструкцыі выхадаў са станцыі. У катлаване тупікоў вёўся мантаж канструкцый, іх гідраізаляцыя і зваротная засыпка.
У кастрычніку ў раёне тупікоў было знойдзена невядомае бомбасховішча 1950-х гадоў.
У гэтым жа годзе Мінгарвыканкам апублікаваў праектныя назвы астатніх станцый трэцяй лініі і часткі станцый чацвертай лініі (яшчэ па старой трасе — у Вяснянку). З невялікімі зменамі назвы паўночных станцый трэцяй лініі будуць зацверджаны ў верасні 2016-га.
2016, першыя тунэлі
На Юбілейнай плошчы ў 2016-м годзе асноўныя работы вяліся ў тупіках за станцыяй. Іх асаблівасць у тым, што з-за вялікай глыбіні і закрытага спосаба будаўніцтва тут будуць пабудаваныя не класічныя тупікі, а толькі з’езд з першага на другі пуць (з правага ў левы тунэль).
Напачатку года распрацоўваўся катлаван мантажнай камеры немеханізаваных шчытоў каля завулку Дзімітрава. У маі яго поўнасцю распрацуюць на глыбіню 21 метр і пачнуць мантаж немеханізаванага шчыта. Усяго шчытоў у Мінскметрабуду чатыры, гэта будзе апошні незадзеіначы на дадзены момант. У чэрвені-ліпені комплекс пачне праходку правага тунэлю адлегласцю 220 метраў у бок камеры з’ездаў, да канца года будзе пройдзена каля 190 м. У лістападзе праходку левага тунэлю пачне другі шчыт, перабазіраваны з Вакзальнай.
Таксама будаваўся катлаван камеры з’ездаў №1, каля скрыжавання вуліц Мельнікайтэ і Кальварыйскай, па цотным баку Мельнікайтэ. Пачнуцца работы па падрыхтоўцы распрацоўвання катлаванаў камеры з’езда №2 і непасрэдна з’езда.
Непасрэдна на станцыі Юбілейная плошча восенню пачалася распрацоўка катлавана.
Напачатку года пачнуцца работы ўздоўж вуліцы Кальварыйскай, каля будынка №1, па прымыканні вялікага перасадачнага тунэля да станцыі Фрунзенская. У красавіку катлаван цэнтральнай часткі перахода(у двары Кальварыйская, 1) будзе распрацаваны на праектную глыбіню, будуць праведзены работы пад вышэйназваным будынкам. Там праходка будзе весціся метадам гарызантальнага прадаўлівання труб, бетаніравання іх і наступным выманнем глебы.
26 студзеня побач са скрыжаваннем Кальварыйская-Цэткін пачалася праходка службовай злучальнай галіны (СЗГ) паміж другой і трэцяй лініямі. З боку чырвонай галіны яна пачынаецца ад зачыну паміж станцыямі Маладзёжная і Фрунзенская, а з боку зялёнай завяршаецца побач са станцыяй Плошча Францішка Багушэвіча. Тунэль працягласцю каля 840 метраў пабудуе немеханізаваны шчыт, які будаўнікі жартаўліва назавуць Мацільда. З-за будаўніцтва прымыкання мантажнай камеры і зачыну на другой лініі з 4 ліпеня на паўгады была часткова закрыта вуліца Клары Цэткін.
На плошчы Багушэвіча сітуацыя таксама істотна змянілася. На месцы зрынутага кургана працягвалі перанос камунікацый. Работы на станцыі Плошча Францішка Багушэвіча запавольвала праходка механізаваным комплексам тунэляў Вакзальная — Юбілейная — актыўна станцыю можна было будаваць толькі пасля завяршэння праходкі.
У верасні пачалася распрацоўка катлавану камеры з’ездаў у месцы прымыкання СЗГ да трэцяй лініі. Рух на плошчы быў пушчаны па аб’ездах, адкрываючы доступ да асноўнай часткі катлавана станцыі. Бліжэй да зімы пачалася і яго распрацоўка.
У лютым на будпляцоўцы станцыі Вакзальная завяршылі падрыхтоўку мантажнай камеры, з якой механізаваны комплекс будзе праходзіць два паралельныя тунэлі ў бок станцыі Юбілейная Плошча. На станцыі пряцягвалася распрацоўка катлавана і будаўніцтва канструкцый станцыі. За год паспелі поўнасцю распрацаваць катлаван, збольшага накрыць платформу, пабудаваць шмат у тэхнічнай частцы станцыі і нават пачаць будаваць наземны вестыбюль. Бліжэй да зімы пачалася зваротная засыпка.
Таксама пачаліся работы ў месцы мантажнай камеры механізаванага шчыта ў бок Кавальскай Слабады.
16 лютага адбыўся ўрачысты старт праходкі механізаваным праходчым шчытом са станцыі Вакзальная ў бок станцыі Юбілейная Плошча. Комплекс атрымае імя Алеся. Напачатку шчыт будзе ісці даволі павольна (санціметры ў суткі пры нармальнай хуткасці — 10-15 м), але потым выйдзе на рабочы рэжым. За месяц (на 15 сакавіка) будзе пройдзена 18 метраў, а 20 красавіка было ўстаноўлена 100-е кальцо першага тунэлю (140 метраў).
Абслугоўвае праходчы комплекс змена, якая складаецца з 50 чалавек. Самая адказная праца — у 8 аператараў. Першыя пару месяцаў іх працу і навучанне курыруюць чацвёра французскіх спецыялістаў. Астатнія працоўныя забяспечваюць падвоз і падачу цюбінгаў, выдаленне пароды і г. д.
Падчас праходкі першага тунэлю адлегласцю каля 1600 м адбудзецца некалькі цікавых сітуацый. Напрыклад, на адзнацы 350 м шчыт натыкнецца на “сцяну ў глебе”, з якой доўга будуць думаць, што рабіць, але ў выніку яё разаб’юць міні-экскаватарам з навясным адбойнікам. Час ад часу шчыту прыходзілася прарубаць жалезабетонныя палі, што памяншала рэсурс рэжучага элемента і, адпаведна, запавольвала комплекс.
У сакавіку з Вакзальнай (а дакладней — з мантажнай камеры) запусцілі яшчэ адзін немеханізаваны комплекс, які пракапае вялікі перасадачны тунэль да ст. Плошча Леніна (238 м). Да канца года шчыт паспее прайсці больш за 180 метраў. Першы комплекс, які працаваў над малым перасадачным тунэлем, станам на сакавік пройдзе 80 метраў са 175, а поўнасцю праходка будзе завершана ў кастрычніку і шчыт будзе дэманціраваны і перабазіраваны на будпляцоўку тупікоў за станцыяй Юбілейная Плошча. Глыбіня мантажнай камеры — 18 метраў.
Цяжкасці ў будаўніцтва пешаходных тунэляў дадавала станцыя Мінск-Пасажырскі — праходку можна было весці толькі ў “вокны”, адведеныя Беларускай Чыгункай, калі цягнікі не праходзяць над тунэлямі.
У месцы збойкі малога перасадачнага тунэля і паўднёвага вестыбюлю станцыі Плошча Леніна ўвесну з’явіцца будпляцоўка, там будуць пераносіць камунікацыі. У жніўні пачнецца распрацоўка катлавана дэмантажнай камеры і месца прымыкання, а восенню — дэмантаж шчыта. Падобная будпляцоўка ў красавіку з’явіцца ўва унутраным двары будынка Бабруйская, 9, дзе ўжо вялікі перасадачны тунэль будзе злучацца з платформай станцыі.
На вуліцы Жукоўскага ў лютым пачнецца будаўніцтва комплекса абслугоўваючага перасанала. За год яго паспеюць поўнасцю ўзвесці і там будзе завяршацца аздабленне, унутранае і вонкавае.
На станцыі Кавальская Слабада ўвесь год працягвалася распрацоўка катлаванаў і зборка канструкцыі станцыі і тупікоў. За год будаўнікі паспеюць амаль поўнасцю распрацаваць катлаван станцыі і злучыць яго з тупікамі, адліць канструкцыі вестыбюля, платформы, выхадаў на паверхню. У жніўні пачнецца работа над скляпеннем станцыі.
Тупікі былі поўнасцю засыпаны, пачалася ўкладка сталых рэек, на паверхні пачалося добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Таксама ў лістападзе пачнецца знос на будучай пляцоўцы электрадэпо Слуцкае.
2017, першае аздабленне
Напачатку 2017 на вуліцы Мельнікайтэ працягвалася праходка тунэляў тупікоў станцыі Юбілейная Плошча немеханізаванымі комплексамі. Левы тунэль, карацейшы, каля 110 метраў, быў завершаны ў лютым, пачаўся дэмантаж праходчага комплекса з катлавана камеры з’ездаў №2. Правы тунэль быў завершаны ў жніўні, пачаўся дэмантаж шчыта. З-за цяжкіх геалагічных умоў хуткасць праходкі скаладала 1 м у суткі.
Таксама ў сакавіку пачалося пашырэнне катлавана камеры з’ездаў №2. Да канца года ён будзе злучаны адкрытым спосабам з катлаванам камеры з’ездаў №1, утварыўшы адзіны катлаван з’езду.
У маі шчыт, які капаў частку левага тупіка і быў дэманціраваны, зманціравалі зноў у камеры з’ездаў №1 для праходкі правага тунэлю (56 м) пад другой лініяй у бок Юбілейнай плошчы. Для забяспячэння бяспекі дзейных тунэляў пад імі былі прадаўлены трубы, каб дадаткова умацаваць глебу. У жніўні праходка будзе завершана, а дэмантаж пачнецца ў снежні, калі катлаван станцыі Юбілейная Плошча ў гэтым месцы будзе распрацаваны поўнасцю.
У кастрычніку шчыт, які будаваў частку правага тупіка, быў зманціраваны ў камеры з’ездаў №2 і пачаў праходку левага тунэлю (каля 120 метраў) ў бок станцыі Юбілейная Плошча (шчыты як бы памяняліся тунэлямі).
Увесь год на станцыі Юбілейная плошча распрацоўваўся катлаван, да канца года будзе вывезена больш за 2/3 ад агульнага аб’ему глебы. З галоўных цяжкасцей — умацаванне катлавана, для чаго ў яго сценах бетаніравалі сталёвыя анкеры даўжынёй больш за 20 метраў. Напрыканцы вясны, калі распрацоўка катлавана ў месцы выхада Алесі падыйшла да канца, пачалася заліўка латка станцыі, якая будзе працягвацца на поўнач катлавана па меры яго распрацоўкі.
Працягвалася будаўніцтва вялікага перасадачнага тунэлю у напрамку станцыі “Фрунзенская”. Ён будзе шматпавярховым (4 паверхі), будзе весціся бетаніраванне канструкцый. Восенню работы па стыкоўцы перахода і станцыі Фрунзенская будуць завершаны, катлаван у месцы стыкоўцы будзе засыпаны.
Алеся напачатак 2017-га прайшла 1200 м левага тунэля, у лютым было 1400 м, у сакавіку 1577 м, а ў красавіку праходка тунэлю адлегласцю 1608 метраў была завершага і шчыт чакаў дэмантажу, які не мог пачацца, пакуль не будзе поўнасцю распрацаваны катлаван станцыі Юбілейная плошча і не будзе заліта пляцоўка пад дэмантаж. У маі шчыт ужо можна было заўважыць у сцяне катлавана, а непасрэдна дэмантаж пачаўся 15 чэрвеня.
Прыкладна ў гэты час ў мантажнай камеры на Вакзальнай пачаліся падрыхтоўчыя работы для мантажу Алесі для праходкі другога (правага) тунэлю ў бок Юбілейнай Плошчы. У пабудаваным тунэле пачнецца бетаніраванне латка пад сталыя рэйкі.
Паўторны старт з Вакзальнай быў запланіраваны на верасень, але пачаўся крыху раней — 15 жніўня. На снежань 2017 было пройдзена 630 метраў. Падчас гэтай праходкі (а таксама папярэдняй і усіх наступных) шчыт будзе прыпыняцца на тэхналагічныя прыпынкі, прыкладка раз на 200–400 метраў. Пачас такіх прыпынкаў на паверхні будзе распрацоўвацца катлаван для доступу да ротара шчыта і замены і абслугоўвання рэжучых элементаў. Частку такіх катлаванаў пераробяць у вентшахты і шахты водаадліўных установак (ВОУ), частку проста засыплюць.
У чэрвені шчыт Мацільда завяршыў праходку 833 метраў службовай злучальнай галіны. Хуткаць праходкі — каля 4 м у суткі. Пачалося згортванне будпляцоўкі на скрыжаванні вул К.Цэткін і Кальварыйскай. Дэмантаж шчыта пачнецца ў лістападзе.
На станцыі Плошча Францішка Багушэвіча вяліся работы па распрацоўцы катлаванаў падземных пераходаў станцыі і бетаніраванні іх канструкцый. Актыўныя работы па распрацоўцы катлавана непасрэдна станцыі тут пачнуцца толькі восенню, калі пачнуць разбіраць жалезабетоннае аздабленне левага тунэлю, пакінутае Алесяй.
На станцыі Вакзальная завяршалася збудаванне канструкцый вестыбюлю станцыі, які размяшчаецца на паверхні. Таксама было завершана будаўніцтва 98-мятровай платформы, выканана цагляная кладка прасценкаў, прыступілі да работ па чарнавым аздабленні.
Некалькі дзясяткаў метраў тунэляў ад станцыі Вакзальная ў бок станцыі Кавальская Слабада, да месца мантажнай камеры Алесі, было пабудавана адкрытым спосабам.
Напачатак 2017-га у малым перасадачным тунэлі вялося бетаніраванне падмуркаў пад травалатары. Будпляцоўка ў месцы прымыкання тунэля да вестыбюлю станцыі Плошча Леніна была засыпана ў лістападзе. Будаўніцтва вялікага перасадачнага тунэлю было прыпынена для ўмацавання падмурку будынка БДУ (Бабруйская, 9). На канец года там было пройдзена 238 з 252 метраў. У мантажнай камеры немеханізаваных шчытоў пачалося збудаванне канструкцый вестыбюлю перасадкі.
На станцыі Кавальская Слабада напачатак 2017-га былі завершаны скляпенне і платформа, усе ўваходы з ліфтавымі шахтамі, службовыя памяшканні. Пачаліся электрамантажныя і архітэктурна-аздобныя работы, чарнавое і часткова чыставое аздабленне, укладка сталых рэек. Вялася зваротная засыпка станцыі, укладка граніту на платформе і лесвіцах. Будаўніцтва станцыі вялося з апярэджаннем графіку.
Летам-восенню 2017 адбыўся рамонт гідраізаляцыі скляпення станцыі, дзеля гэтага засыпку прыпынілі і нават крыху адкапалі станцыю зноў.
Увесну 2017-га завершана будаўніцтва комплекса абсугоўваючага персаналу. Яго асаблівасць у тым, што раней службовыя памяшканні “заганяліся” пад зямлю, а для адпачынку супрацоўнікам прадастаўляліся арэндныя кватэры паблізу станцый. Цяпер жа ў мэтах эканоміі бюджэту было вырашана ўзвесці асобны будынак. Тут будуць працаваць і адпачываць механікі, слесары, інжынеры, а таксама есць пакоі адпачынку для машыністаў, дзе персанал можа застацца да раніцы пасля начной змены, а потым паехаць дадому. Корпус злучаны са станцыяй Кавальская Слабада службовым тунэлем.
У жніўні афіцыйна прыступілі да работ па будаўніцтве паўднёвага падаўжэння лініі да станцыі Слуцкі Гасцінец. Як звычайна, усё пачалося з пераносу камунікацый і падрыхтоўкі будпляцовак.
У лістападзе за станцыяй Кавальская Слабада, непадалёк ад вуліцы Аэрадромная, пачалася падрыхтоўка мантажнай камеры для будаўніцтва тунэляў Кавальская Слабада — Аэрадромная. Яны будуць часткова пройдзены немеханізаванымі шчытамі. Праходка пачнецца ў студзені 2018-га шчытом Мацільда, перабазіраваным з будаўніцтва СЗГ.
2018, першыя павільёны
Прыкладна ў сакавіку была завершана праходка апошняга, левага, тунэля тупікоў. Быў праведзены дэмантаж шчыта — яго вымалі праразаючы сцяну катлавана спецыяльнай канатнай сістэмай.
У катлаване камер з’ездаў працягваліся работы па будаўніцтве з’езда. У чэрвені невялікую яго частку на поўначы засыпалі.
У жніўні завяршаліся бетонныя работы ў катлаване мантажнай камеры каля завулку Дзімітрава — тут будавалі венткамеру. У верасні на месцы будпляцоўкі пачнецца добраўпарадкаванне.
У лютым на станцыі Юбілейная Плошча завяршылі распрацоўку катлавана і амаль завяршыліся работы па бетаніраванні латка. Пачаліся работы па гідраізаляцыі. Комплекс гідраізаляцыі такога тыпу ўпершыню прымяняўся ў Мінску, ён мае тры ступені абароны, таксама выкарыстоўваецца сістэма ін’ецыравання месцаў магчымых працёкаў. Бліжэй да канца года на станцыі пачалі бетаніраваць калоны, платформу, лесвіцы.
На станцыі Плошча Францішка Багушэвіча за 2018 год работы вельмі паскорацца. Будзе разабрана жалезабетоннае аздабленне правага тунэлю, пачнуцца актыўныя маналітныя работы па бетаніраванні канструкцый станцыі (латок, платформа і інш.) і іх гідраізаляцыі. Завершыцца перакрыццё платформы, пачнуцца работы на наступных паверхах станцыі (усяго іх будзе чатыры). Напрыканцы года на адным з выхадаў пачнуць будаўніцтва павільёнаў.
2 красавіка была Алесяй завершана праходка правага тунэлю Вакзальная — Юбілейная Плошча адлегласцю 1597 метраў. Праходка была завершана за 7,5 месяцаў (супраць 16-і пры будаўніцтве левага тунэлю).
Ужо 10 мая Алеся пачне новую праходку ў бок Кавальскай Слабады. У гонар пройдзеных тунэляў на корпус комплекса налепяць дзве зоркі.
26 чэрвеня, на адзнацы каля 200 метраў і глыбіні 11 метраў, шчыт будзе прыпынены з-за няштатнай сітуацыі, зламаюцца ахоўныя валы, якія забяспечвалі перадачу крутоўнага моманту на асноўны прывад працоўнага органа. Падчас рамонтных работ на паверхні ўтвараліся невялікія правалы глебы. Работы абцяжарвала месца, дзе здарылася паломка — двары прыватных дамоў па вуліцы Студэнцкай. 18 кастрычніка комплекс адновіць праходку.
На станцыі Вакзальная ў мантажнай камеры ў бок станцыі Юбілейная Плошча завяршаўся мантаж пліт перакрыццяў, іх гідраізаляцыя, пачыналася засыпка. Таксама завяршалася будаўніцтва некалькіх дзясяткаў метраў тунэляў адкрытым спосабам, пачыналася іх засыпка. На самой станцыі ў асноўным вялося чарнавое і чыставое аздабленне, таксама ў пешаходных тунэлях і на станцыі пачаўся мантаж эскалатараў і травалатараў.
Апошні немеханізаваны шчыт на першым участку завяршыў праходку вялікага перасадачнага тунэлю на ст. Плошча Леніна, быў праведзены дэмантаж комплекса. У катлаване дэмантажнай камеры ў двары будынка Бабруйская, 9 пачнуцца работы па прымыканні тунэля да цэнтра станцыі Плошча Леніна.
У сакавіку пачнецца будаўніцтва інжэнернага корпусу метрапалітэну ўва ўнутраным двары БДУ, за будынкам праспект Незалежнасці, 6. Тут размесцяцца розныя службы метрапалітэна, дыспетчарскія, залы нарад, а таксама служба аховы падземкі. Агульная плошча 7-павярховага аб’екта складзе каля 6 тыс. кв. м. Падчас падрыхтоўкі будпляцоўкі будуць выяўлены рэшткі надмагілляў з габрэйскіх могілак.
На станцыі Кавальская Слабада працягвалася чыставое аздабленне, рабіліся падвесныя канструкцыі, манціраваліся фермы пад асвятленне, укладваліся сталыя рэйкі. Летам пачалося будаўніцтва павільёнаў на выхадах з падземнага перахода станцыі. Будуць поўнасцю завершаны сумешчаная цягава-паніжальная падстанцыя і дэмантажная камера Алесі на поўначы станцыі.
У студзені быў поўнасцю раскапаны катлаван паміж станцыямі Кавальская Слабада і месцам старту двух НТПК у бок станцыі Аэрадромная дзеля будаўніцтва тунэляў адкрытым спосабам. Таксама пачнецца праходка ў бок Аэрадромнай другога НТПК, які будаўнікі назавуць Вольга. Працягваліся работы па падрыхтоўцы пляцоўкі электрадепо Слуцкае.
У 2018-м пачнецца будаўніцтва першага цягніка Stadler M110, які складзе аснову рухомага састава на трэцяй лініі.
Пры мантажы рэек на усім новым участку метро выкарыстоўвалася асаблівая тэхналогія эластычнага мацавання рэек, распрацаваная структурным падраздзяленнем швейцарскага канцэрна Sika у Беларусі і заводам жалезабетонных вырабаў УП “Мінскметрабуд”. Яна значна змяншае узровень і інтэнсіўнасць вібрацый, якія ўзнікаюць пры руху цягнікоў, павялічваючы тэрмін эксплуатацыі палатна і рухомага складу.
2019, першае добраўпарадкаванне
У катлаване тупікоў за станцыяй Юбілейная Плошча, а дакладней камер з’ездаў, напачатку года працягваліся бетонныя работы — заліваліся калоны, перакрыцці і інш. Да лета катлаван будзе поўнасцю засыпаны, а 13 чэрвеня рух па вуліцы Мельнікайтэ будзе адкрыты. Пазней у тупіках пачалася ўкладка сталых рэек.
На станцыі Юбілейная плошча працягвалася заліўка каланады, пачыналася перакрыццё платформы столлю. У чэрвені платформа будзе перакрытая, пачнецца будаўніцтва яшчэ трох тэхнічных паверхаў станцыі. Напрыканцы года пачнецца зваротная засыпка станцыі.
Таксама пачалося будаўніцтва малога перасадачнага тунэлю на станцыю Фрунзенская — ён будзе злучаць вестыбюлі станцый. Праводзілася засыпка цэнтральнай часткі вялікага перасадачнага тунэлю і пачыналася распрацоўка катлавана злучэння тунэля з асноўным катлаванам станцыі Юбілейная Плошча (паміж дамамі Сухая 2 і 4).
На плошчы Багушэвіча 19 красавіка адбылася змена арганізацыі руху. Пасля на працягу года схема яшчэ некалькі разоў змянялася. Гэта дазволіла дабудаваць канструкцыі станцыі Плошча Францішка Багушэвіча на поўдні і пабудаваць тры дадатковыя выхады са станцыі. На ўжо засыпанай частцы станцыі працягвалася аздабленне, мантаж абсталявання і пуцей, былі зманціраваны эскалатары. У тэхнічных памяшканнях рабілі цагляны мур, на платформе ўкладвалі граніт.
На станцыі Вакзальная завяршалася аздабленне наземнага вестыбюлю. На станцыі працягвалася аздабленне, сантэхнічныя работы і мантаж абсталявання. Пачалася чыставая афарбоўка.
У катлаване ў двары будынка Бабруйская, 9 вялася збойка вялікага перасадачнага тунэля з зачынам на станцыі Плошча Леніна.
Таксама працягвалася будаўніцтва інжэнернага корпусу.
11 красавіка Алеся завяршыла будаўніцтва правага тунэля Вакзальная — Кавальская Слабада. Праходка тунэлю даўжынёй каля 1300 метраў вялася амаль 11 месяцаў.
24 мая Алеся пачала праходку апошняга тунэлю Вакзальная-Кавальская Слабада даўжынёй 1260 м.
18 лістапада адбылася канчатковая збойка першага ўчастка трэцяй лініі.
На станцыі Кавальская Слабада пачалося чыставое аздабленне столі. Завершана памяшканне для кас, у пераходзе былі зманціраваны свяцільні, гатовыя памяшкання для арэнды. Завяршаўся мантаж і наладка электраабсталявання, чыставое аздабленне тэхпамяшканняў.
У кастрычніку на платформе станцыі пачалі мантаж каваных металічных свяцільняў і падвясной столі.
20 сакавіка на заводзе Штадлер Мінск адбылася прэзентацыя новага цягніка метро Stadler М110, пабудаванага адмыслова для Мінскага Метрапалітэна. 1 красавіка састаў быў дастаўлены ў электрадэпо Маскоўскае, адкуль накіраваўся ў электрадэпо “Магілёўскае”. З 18 чэрвеня пачалася абкатка састава на Аўтазаводскай лініі. У кастрычніку, па прыбыцці другога і трэцяга саставаў была зладжана вялікая прэзентацыя ў электрадэпо Магілёўскае.
2020, першыя пасажыры
На станцыі Юбілейная Плошча ўзімку завяршалася засыпка катлавана станцыі, заставаліся адкрытымі толькі выхады (асноўны і аварыйны) і пераходы. Таксама пачаліся работы па чыставым аздабленні станцыі, мантажы падвясной столі, эскалатараў. Платформенныя дзверы будуць зманціраваны ў сакавіку-красавіку.
Увесну на перакрытай вуліцы Сухой пачаліся работы па добраўпарадкаванні. Поўнасцю вуліца будзе адкрыта ў кастрычніку. Летам вестыбюль станцыі і ўваходы на яе з ліфтамі будуць поўнасцю завершаны. Таксама на станцыі пачнецца мантаж дэкаратыўнага асвятлення і мастацкай кампазіцыі “Сонца”. Поўнасцю аздабленне станцыі і пераходаў будзе завершана ў верасні.
Актыўна вяліся работы над малым перасадачным тунэлем на станцыю Фрузенская, у маі ён будзе ўжо засыпаны. Злучэнне вялікага перасадачнага тунэля з катлаванам станцыі Юбілейная Плошча было поўнасцю распрацавана, адлітыя канструкцыі і ўвесну катлаван таксама засыпаўся. Летам у тунэлі пачаўся мантаж травалатараў.
У красавіку ў вестыбюлі станцыі Фрунзенская агародзілі месца збойкі з малым перасадачным тунэлем, а ў маі агароджы з’явіліся і на платформе. Усе агароджы будуць разабраныя ў верасні-кастрычніку, за гэты час злучэнне перасадак са станцыяй будзе поўнасцю гатова.
21–22 сакавіка адбылася урэзка стрэлачнага пераходу з другой на трэцюю лінію. Ува ўрэзцы былі задзейнічаны спецыялісты СМУ № 1 «Мінскметрабуда», пяці розных службаў Мінскага метрапалітэна, Дырэкцыі па будаўніцтве Мінскага метрапалітэна і «Мінскметрапраекта» — непасрэдна на аб’екце працавалі 33 спецыяліста метрапалітэна і столькі ж — метрабуду
Падчас работ былі закрытыя пяць станцый Аўтазаводскай лініі, ад Маладзёжнай да Каменнай Горкі. Дзеля кампенсацыі было пушчана шмат дадатковага наземнага транспарту, арганізаваны дублюючы аўтобусны маршрут з інтэрвалам у 2–3 хвіліны і машынамі асабліва вялікай ўмяшчальнасці. У выніку транспартнага калапсу не адбылося.
Пад канец вясны на ўсёй працягласці лініі былі пракладзены рэйкі, завяршаўся мантаж кантактнай рэйкі.
На станцыі Плошча Францішка Багушэвіча напачатку года працягваліся работы па аздабленні, мантажу электраабсталявання і металаканструкцый. Увесну завяршаўся мантаж падвясной столі, эскалатараў, іншага абсталявання. Платформенныя дзверы былі зманціраваны ў сакавіку-красавіку. Пачаліся пусканаладачныя работы. У чэрвені-ліпені на станцыю прывезлі і зманціравалі мастацкя кампазіцыі Ткацкі станок і Кніга беларуская. таксама быў праведзены мантаж указальнікаў.
У маі над станцыяй пачаліся актыўныя работы па добраўпарадкаванні і фарміраванні новага “турбакальца” на плошчы. Работы будуць завершаны ў верасні-кастрычніку. Падземны пераход станцыі будзе адкрыты напрыканцы кастрычніка.
20 ліпеня з гэтай станцыі (а дакладна — са злучальнай галіны) стартавала габарытная рама, а 29 ліпеня па лініі прайшоў пробны цягнік. Па службовай галіне састаў Stadler М110 пераехаў са станцыі Маладзёжная на станцыю Плошча Францішка Багушэвіча, дзе прыняў на борт дэлегацыю, якая ўключала старшыню Мінгарвыканкама Сівака і дырэктара Мінскметрабуду Стухальскага. Яны праехалі да станцыі Кавальская Слабада, развярнуліся і вярнуліся на станцыю Багушэвіча. Там частка дэлегацыі сышла, а цягнік завяршыў пробны праезд заездам на станцыю Юбілейная Плошча і вяртаннем на Маладзёжную.
На станцыі Вакзальная напачатку года працягвалася аздабленне, мантаж абсталявання, былі зманціраваны ліфты. У лютым былі зманціраваны платформенныя дзверы. Увесну пачаліся работы па аздабленні пешаходных тунэляў, мантажы дэкаратыўнага асвятлення. У красавіку на станцыі зманціравалі скульптуру “Дрэва Дарог”.
На паверхні ў лютым пачалася засыпка мантажнай камеры ў бок Кавальскай Слабады, якая будзе завершана ў маі, тады таксама пачнецца актыўнае добраўпарадкаванне на Дружнай. Поўнасцю добраўпарадкаванне плошчы будзе завершана ў кастрычніку-лістападзе.
У маі на станцыі з’явіліся першыя ўказальнікі на трэцяй лініі.
У студзені на суседняй станцыі Плошча Леніна пачалі збіраць часовы плот для будаўніцтва пераходу на станцыю Вакзальная. Актыўныя работы праводзіліся і ў месцы збойкі вялікага перасадачнага тунэлю са станцыяй. У маі быў поўнасцю засыпаны катлаван месца збойкі вялікага тунэлю і станцыі Плошча Леніна. Напачатку лета быў сфарміраваны лесвічны марш перасадкі, пачаўся мантаж эскалатара.
У маі агароджа з’явілася і ў месцы збойкі малога перасадачнага тунэлю і вестыбюлю Плошчы Леніна. У кастрычніку асноўныя работы на перасадцы будуць завершаны, агароджы будуць разабраныя.
Увесну было завершана вонкавае аздабленне інжэнернага корпусу, пачалося добраўпарадкаванне. Будынак атрымае пераходную галерэю ў галоўны корпус упраўлення Мінскага Метрапалітэна. Поўнасцю корпус будзе здадзены ў кастрычніку і атрымае адрас Праспект Незалежнасці, 6А.
На станцыі Кавальская Слабада завяршаліся работы па аздабленні, мантажу столі і дэкаратыўных канструкцый. У студзені метрабуд атрымаў платформенныя дзверы ад пастаўшчыка і зманціраваў іх на станцыі.
Увесну было завершана асвятленне, вялася праверка і тэсціраванне электраабсталявання. Быў поўнасцю завершаны вестыбюль станцыі, зманціраваны турнікеты. На паверхні пачаліся работы па добраўпарадкаванні і аднаўленні праезнай часткі вуліц Жукоўскага і Варанянскага, засыпцы дэмантажнай камеры. Па сталай схеме скрыжаванне будзе адноўлена ў ліпені.
У студзені пачалася абкатка цягнікоў Stadler M110 з пасажырамі на Аўтазаводскай лініі. У жніўні пастаўка 10-і новых цягнікоў была завершана.
17 студзеня быў даны афіцыйны старт праходцы Алесі з Аэрадромнай ў бок Немаршанскага Саду. Таксама ў студзені будпляцоўка Электрадэпо Слуцкае была закансервавана.
У студзені на скрыжаванні вуліц Багдановіча і Харужай пачаліся работы па даследванні грунтоў па трасе паўночнага падаўжэння трэцяй лініі. У красавіку аналагічныя даследванні праводзіліся вакол станцыі Прафсаюзная.
6–7 лістапада 2020, адкрыццё
Афіцыйнае адкрыццё адбылося 6 лістапада. Прыкладна а 10-й гадзіне Аляксандр Лукашэшка прыбыў на станцыю Кавальская Слабада, дзе яму правялі невялікую экскурсію і ўручылі памятны праязны на 20 паездак. Пасля на станцыі адбыўся кароткі святочны мітынг з удзелам метрабудаўнікоў, супрацоўнікаў метрапалітэну і кіраўніцтва горада.
Далей Аляксандр Лукашэнка праехаў у кабіне машыніста да станцыі Вакзальная, дзе агледзеў станцыю, перасеў у салон і даехаў да станцыі Плошча Францішка Багушэвіча. Там ён адзначыў мастацкую кампазіцыю з цытатай Багушэвіча пра мову і паехаў далей да станцыі Юбілейная Плошча, дзе і пакінуў метрапалітэн. Пасля афіцыйнага адкрыцця на станцыі Кавальская Слабада для пешаходаў быў адкрыты падземны пераход.
Для пасажыраў лінія была адкрыта 7 лістапада а 12:30. Але працавала з некаторымі праблемамі:
- Эскалатары і травалатары. Яны — беларускай вытворчасці, салігорскага ІПР і Магілёўліфтмашу адпаведна. У першыя дні абсталяванне або не працавала, або працавала са збоямі. Напрыклад, на станцыі Плошча Францішка Багушэвіча 7 лістапада эскалатары не працавалі, спусціцца на станцыю або падняцца з яе можна было толькі пехам або на ліфце. На Юбілейнай плошчы не працавалі дзве лініі эскалатараў з чатырох. Праз некалькі дзён дзеючыя ніткі эскалатараў разбяруць, а замест іх запусцяць раней не працуючыя. Травалатары ў перасадцы на Вакзальнай таксама працавалі толькі часткова. Эскалатар выхаду з перасадкі на платформу Плошчы Леніна не працаваў яшчэ каля 7 месяцаў пасля адкрыцця. Прычына ўсяго гэтага — тэрміны. 7 лістапада эскалатары і травалатары яшчэ не былі прынятыя кантралюючымі органамі, нават не былі належным чынам выпрабаваныя.
- Платформенныя дзверы, ноу-хаў лініі, у першыя дні таксама працавалі нестабільна. Цягнікі часта прыпыняліся няроўна з дзверамі, бывалі выпадкі, калі выйсці з цягніка было немагчыма. Таксама часам дзверы проста не адкрываліся — іх уручную адкрывалі дзяжурныя па станцыях. Гэтыя праблемы выправілі максімальна аператыўна, ужо праз некалькі дзён дзверы працавалі амаль ідэальна.
- У першыя дні таксама часткова не працавалі турнікеты на перасадках, якія абмяжоўваюць рух у няправільным кірунку, што давала людзям хадзіць па перасадках у двух кірунках і замаруджваць рух сустрэчнага патоку.
- На станцыі Юбілейная Плошча і на перасадцы са станцыі Фрунзенская некалькі дзён пасля адкрыцця не працавалі платформы для інвалідаў.
Але нягледзячы на гэтыя недахопы, уражанні ў першых пасажыраў былі збольшага пазітыўныя. Усе адзначалі сучасны дызайн станцый і скульптурныя кампазіцыі на кожнай з іх. Па выніках апытання больш за ўсіх наведвальнікам спадабалася станцыя Вакзальная.
Падчас першых дзён на станцыях было вельмі шмат людзей, амаль як у гадзіну пік. Наведвальнікі з цікавасцю аглядвалі станцыі, шмат фатаграфіравалі. У першы дзень, 7 лістапада, праз чатыры новыя станцыі прайшло 10420 пасажыраў. На наступны — 3 682. А далей зноў кожны дзень каля 10 тыс .: 9 лістапада — 10 823, 10 лістапада — 9 944, 11-га — 9 547.
Вось такім чынам пачынаўся пуць трэцяй лініі Мінскага Метрапалітэна, а дакладна першага пускавога ўчастка першай чаргі будаўніцтва. У гэтым артыкуле было апушчана некалькі дэталяў (юрыдычных, фінансавых, тэхнічных), якія ўплываюць на хуткасць і якасць будаўніцтва — напрыклад, асаблівасці выбару месца размяшчэння станцый, працэс праекціравання станцый, тэрміны і абставіны выдзялення пляцовак для будаўніцтва, умовы правядзення тэндараў на пастаўку абсталявання, тэхнічныя характарыстыкі абсталявання і інш. Калі б уключаць усё гэта, то на выхадзе магла б выйсці добрая такая кніга, а прачытаць яе вы маглі б гадоў праз дзесяць. Таму больш пра гэтыя моманты можна даведацца ў крыніцах, якімі поўніцца гэты артыкул. Нягледзячы на гэта, спадзяюся, што ў вас склалася разуменне, як менавіта будуецца сучаснае метро ў Мінску, якія праблемы і задачы стаяць перад будаўнікамі. Магчыча, гэты артыкул нават дапаможа вам уявіць, што мае адбыцца пры будаўніцтве новых станцый падземкі ў будучыні.
Прачытаць пра будаўніцтва другога пусковага ўчастку можна ў аглядах будаўніцтва прыкладна ад восені 2017-га.
На гэтым усё!
Вялікі дзякуй за ўвагу! Калі Вы заўважылі нейкія памылкі ці недакладнасці, калі ласка — напішыце ў твітар (Х) ці ў каментары да гэтага артыкулу.